Беларуская Служба

Ашуканцы выкарыстоўваюць страх беларусаў перад ператрусамі і абкрадаюць іх

12.07.2024 16:15
Жыхарка Лельчыцкага раёна, прымежнага з Украінай, стала ахвярай ашуканцаў – яны напалохалі яе тым, што правядуць ператрус, паколькі тая нібыта пералічыла грошы на падтрымку ўкраінскай арміі.
Ілюстрацыйнае фотаTero Vesalainen/Shutterstock

Жыхарка Лельчыцкага раёна, прымежнага з Украінай, стала ахвярай ашуканцаў – яны напалохалі яе тым, што правядуць ператрус, паколькі тая нібыта пералічыла грошы на падтрымку ўкраінскай арміі.

«Мне на мабільны паступіў званок з невядомага нумара. Мужчынскі голас паведаміў: з вашых дадзеных на ВСУ пераведзеныя грашовыя сродкі», – цытуе ахвяру ашуканцаў раённая газета «Светлае жыццё».

Мужчына прадставіўся маёрам міліцыі і прыстрашыў: да жанчыны прыедуць прадстаўнікі міліцыі і правядуць ператрус, таму наяўнасць дома трэба тэрмінова задэклараваць праз інфакіёск. Але перад гэтым трэба было пайсці ў офіс А1, далучыць мабільны інтэрнэт, каб пачаў працаваць Viber. Калі ўсё было выканана, жанчыне зноў патэлефанавалі і накіравалі ў банк пераводзіць грошы, дыктуючы ёй рэквізіты, – яна пералічыла па ўказаным рахунку 2 000 рублёў.

Але на гэтым усё не скончылася – ашуканцы запэўнілі жанчыну, што на яе імя, без яе ведама, могуць аформіць крэдыт у банку, таму трэба ўзяць сустрэчны крэдыт. Яна так і паступіла, страціўшы яшчэ 4500 рублёў, якія перавяла зламыснікам.

Гэты выпадак паказвае, што ашуканцы працягваюць выкарыстоўваць атмасферу страху перад сілавікамі ў беларускім грамадстве, які спарадзілі працяглыя масавыя рэпрэсіі – у тым ліку супраць тых беларусаў, якія падтрымліваюць Украіну.

яс/Флагшток