Лукашэнка правёў сёння селектарную нараду, падчас якой параўнаў ураган, які прайшоўся па Гомельшчыне на выходных, з вайной без стральбы.
Дыктатар раскрытыкаваў чыноўнікаў, назваўшы агіднай працу па ліквідацыі наступстваў непагадзі ў першыя дні. Са слоў Лукашэнкі, выразнай «вайсковай» рэакцыі з боку дзяржавы не было, піша БелТА.
Лукашэнка заявіў, што меў зносіны з міністрамі і чыноўнікамі штодня ў «рэжыме допытаў» і прызнаў, што людзі крыўдзяцца. Аднак, узурпатар таксама выказаў прэтэнзіі і ў адрас жыхароў пацярпелых раёнаў.
«Людзі не хочуць разумець, што гэта надзвычайная сітуацыя. Вайна проста, толькі няма стральбы з аўтаматаў і кулямётаў. Тое самае і на вайне. І ніхто не задаецца пытаннем: а што ты зрабіў для таго, каб пераадолець гэтую катастрофу?» — заявіў Лукашэнка.
Ён назваў сапраўднымі мужыкамі тых людзей, якія дапамагаюць службам разбіраць завалы. Аднак адзначыў, што ёсць і такія, якія чакаюць, што ўлады вырашаць усе праблемы, і пальцам не варухнуць.
«Гэта мае прэтэнзіі як прэзідэнта да людзей. Але ж, калі ў цэлым паглядзець, ёсць маса недахопаў. Гэта наша хвароба: бравурныя даклады — вось там добра, там добра. Навошта вы мне хлусіце?» — спытаў Лукашэнка ў чыноўнікаў. І папярэдзіў, што ўсе даклады ён пераправерыць.
На дадзены момант стыхія разбурыла 1200 населеных пунктаў толькі ў Гомельскай вобласці, заявіў Лукашэнка. Пры гэтым дыктатар папярэдзіў, што за раз усё не адбудуеш.
Крыніца: Наша Ніва/юл