Пастановай Бюро Прэзідыума НАН уведзена ў дзеянне «Інструкцыя аб парадку канфіскацыі інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкімі матэрыяламі, з бібліятэчных фондаў бібліятэк Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і падпарадкаваных ёй арганізацый». Рашэнне прынятае па даручэнні лукашэнкаўскіх міністэрстваў культуры ды інфармацыі. На сённяшні дзень рэжым Лукашэнкі называе «экстрэмізмам» у Беларусі любую непажаданую ім інфармацыю або дзейнасць.
У адпаведнасці з інструкцыяй на кіраўнікоў бібліятэк ускладаецца персанальная адказнасць за несвоечасовае выяўленне і выключэнне з бібліятэчных фондаў «экстрэмісцкай літаратуры» і несанкцыянаванае выкарыстанне дакументаў такога кшталту. Кіраўнік бібліятэкі павінен сваім загадам прызначыць з ліку членаў фондавай камісіі адказную асобу за зверку бібліятэчных фондаў.
Праверка на выяўленне «экстрэмісцкіх» выданняў павінна праводзіцца не радзей за 1 раз у тыдзень і пры паступленні новых дакументаў у бібліятэчны фонд. У якасці падставы для спісання дакумента будзе прапісвацца фармулёўка – «непрофільны дакумент».
Інструкцыя прадпісвае перадачу дакументаў у Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я. Коласа НАН Беларусі да моманту, пакуль не будзе ўстаноўлены парада знішчэння «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Крыніца: BELPOL/юл