Беларуская Служба

МЗС Германіі пацвердзіў інфармацыю пра смяротны прысуд свайму грамадзяніну ў Беларусі

20.07.2024 09:19
Раней стала вядома, што працэс над грамадзянінам Германіі прайшоў у Мінскім абласным судзе, прысуд быў вынесены 24 чэрвеня.
Рык КрыгерФота з адкрытых крыніц

Як паведамілі ў МЗС Германіі ў адказ на запыт Deutsche Welle, ведамства і пасольства Германіі у Мінску аказваюць консульскую дапамогу асуджанаму Рыка Крыгеру і інтэнсіўна працуюць з беларускімі ўладамі ў яго інтарэсах.

«Смяротнае пакаранне – гэта жорсткая і бесчалавечная форма пакарання, якую Нямеччына адхіляе пры любых абставінах», – гаворыцца ў адказе нямецкага МЗС.

Раней стала вядома, што працэс над грамадзянінам Германіі прайшоў у Мінскім абласным судзе, прысуд быў вынесены 24 чэрвеня.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», Рыка Крыгера прызналі вінаватым у «здзяйсненні выбуху ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акце тэрарызму), здзейсненым асобай, якая раней учыніла злачынства прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК».

Расійскія прапагандысты мяркуюць, што спецслужбы РФ перадалі грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера беларускаму КДБ. Імаверна Крыгера арганізоўваў дыверсіі ў Бранскай вобласці.

nashaniva.com/эж