Судовы працэс распачаўся 12 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе, з таго моманту адбылося пяць судовых пасяджэнняў. 31 ліпеня прагучаў прысуд, паведамляе БАЖ.
Алесю Сабалеўскаму прысудзілі 4 гады зняволення ў калоніі, Яўгену Глушкову – 3 гады.
Таксама абодвум прызначаныя вялікія штрафы – кожнаму па 200 базавых велічынь (гэта значыць, па 8 000 рублёў). Справу разбіраў суддзя Магілёўскага абласнога суда Дзмітрый Крэнжыеўскі.
Абодва журналісты прызнаныя палітычнымі вязнямі.
Журналіста і блогера Алеся Сабалеўскага затрымалі 12 снежня 2023 года. На наступны дзень суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызначыў яму адміністрацыйнага арышт на 10 сутак. Ужо ў ізалятары часовага ўтрымання адбыўся другі адміністрацыйны суд, журналісту ізноў прызначылі арышт, звінаваціўшы ў «распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Але і пасля другога арышту на волю Сабалеўскі не выйшаў: на пачатку студзеня 2024 года яго перавялі ў следчы ізалятар пры турме № 4.
На момант затрымання Алесь Сабалеўскі не супрацоўнічаў са СМІ – ён адышоў ад журналістыкі і працаваў у сферы паслуг.
Відэаператар-фрылансер Яўген Глушкоў быў затрыманы на пачатку студзеня 2024 года. Яўген Глушкоў шмат гадоў працаваў на магілёўскім гарадскім тэлебачанні, на пачатку 2000‑х супрацоўнічаў з некалькімі гарадскімі парталамі. Але апошнім часам ніякай грамадскай ці журналісцкай дзейнасцю не займаўся і вёў даволі замкнёны лад жыцця.
БАЖ/ав