Беларуская Служба

Літва скарэктавала правілы ўезду легкавых аўто з беларускімі нумарамі

16.08.2024 11:29
Літва пайшла на саступкі і скарэктавала правілы ўезду, паведамілі ў Мытнай службе Літвы.
.
.фота: Памежная служба Польшчы

Пасля забароны на ўезд у Літву легкавых аўто з беларускімі нумарамі амаль месяц дзейнічала выключэнне для тых, хто мае літоўскую візу ці ВНЖ. Аднак 15 жніўня было апошнім днём, калі гэтыя людзі маглі патрапіць у гэтую краіну, паведамляе Зеркало.

Напярэдадні Міжнародная камісія па каардынацыі санкцый унесла змены ў пастанову. З 17 жніўня, згодна з дакументам, у Літву ўсё таксама можна ехаць на легкавым аўтамабілі, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі, які мае сапраўдную візу, выдадзеную Літоўскай Рэспублікай, або дзеючы часовы або пастаянны від на жыхарства ў Літве. Пры гэтым за рулём транспартнага сродку павінен знаходзіцца ўладальнік. На аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах, гэтае рашэнне не распаўсюджваецца.

У ведамстве нагадалі, што пасля 18 студзеня 2025 года зарэгістраваны ў Беларусі аўтамабілі не змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Літвы. Асобы, якія кіруюць аўто з беларускімі нумарамі пасля гэтага тэрміну, будуць лічыцца парушальнікамі. Іх прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, якая прадугледжвае штраф і канфіскацыю транспартнага сродку.

Да 18 студзеня 2025 года аўтамабілі з беларускімі нумарамі могуць удзельнічаць у дарожным руху на тэрыторыі Літвы, а таксама ўвозіцца і рэгістравацца ў краіне.

ав