Беларуская Служба

Беларускім школьнікам зробяць дармовы праезд у гарадскім транспарце

29.08.2024 12:03
Раней навучэнцы маглі ездзіць задарма выключна «ад месца жыхарства (месца знаходжання) да месца вучобы і назад».
A
AўтобусPhoto: balticmedia /pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларускія школьнікi змогуць карыстацца гарадскім транспартам бясплатна. Пра гэта гаворыцца ў зменах у пастанову ўраду «Пра некаторыя пытанні праезду навучэнцаў», якія падпісаў прэм’ер Раман Галоўчанка, паведамляе «Свабода».

Як гаворыцца ў дакуменце, «навучэнцы, якія атрымліваюць агульную сярэднюю і спецыяльную адукацыю, маюць права на дармовы праезд на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання, які ажыццяўляе гарадскія аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, гарадскім электрычным транспарце і ў метрапалітэне ў населеных пунктах месца жыхарства (месца знаходжання) і месца вучобы з 1 верасня па 30 чэрвеня».



Раней навучэнцы маглі ездзіць задарма «ад месца жыхарства (месца знаходжання) да месца вучобы і назад». Цяпер прывязкі да школы няма.

Права на такі праезд маюць навучэнцы сярэдніх і спецыяльных навучальных устаноў пры прад’яўленні «карты навучэнца (вучнёўскага білета), даведкі аб тым, што грамадзянін з’яўляецца навучэнцам, з указаннем населенага пункту месца жыхарства (месца знаходжання) і месца вучобы».

Як і раней, урад рэкамендаваў абласным саветам, Мінскаму гарадскому савету і раённым саветам прымаць дадатковыя захады для падтрымкі навучэнцаў пры праездзе чыгуначным транспартам агульнага карыстання ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класы і прыгарадных аўтобусах.

аз