Беларуская Служба

Дзяржміністр ФРГ: Умовы ўтрымання Калеснікавай - сведчанне баязлівасці Лукашэнкі

09.09.2024 11:37
Марыя Калеснікава — "адна са смелых жанчын, якія змагаюцца за дэмакратычную Беларусь".
Марыя Калеснікаваscreen/YouTube

Пра гэта заявіла яе сімвалічная хросная, дзяржаўны міністр ФРГ па культуры і СМІ Клаўдыя Рот з нагоды чацвёртай гадавіны затрымання адной з самых вядомых членаў каманд былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі і пасля яго арышту кандыдаткі на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай, піша Позірк.

"Чатыры гады таму яна была брутальна арыштаваная рэжымам Лукашэнкі і адвольна прыгаворана да 11 гадоў пазбаўлення волі", — адзначыла Рот.

Яна назвала "глыбока бесчалавечнымі" ўмовы ўтрымання Калеснікавай. "Пазбаўленне ежы, адмова ў неабходнай медыцынскай дапамозе, працяглае адзіночнае заключэнне - штодзённасць у абыходжанні больш чым з 1400 палітвязнямі ў Беларусі", - падкрэсліла нямецкі палітык.

Дзяржміністр звярнула ўвагу на крыніцу інфармацыі аб стане Калеснікавай, якую нядаўна апублікавала яе сястра Таццяна Хоміч: “Не ад самой сястры ці адвакатаў Машы, а ад жанчын, якія выйшлі з гомельскай калоніі. Паўтара гады Машы адмаўляюць у зносінах з сям'ёй, лекарамі і адвакатамі”.

"Гэтыя жорсткія рэпрэсіўныя метады дэманструюць баязлівасць і нянавісць Лукашэнкі, але яны дакладна не прымусяць замаўчаць беларускі дэмакратычны рух і яго саюзнікаў", — падкрэсліла сімвалічная хросная Калеснікавай.

“Маша, мы цябе не забудзем, — звярнулася палітык да падапечнай. - Нашы думкі з табой і тваёй сям'ёй. Мы за цябе і за людзей у Беларусі да таго часу, пакуль не стане магчымай свабодная і дэмакратычная Беларусь”.

Позірк/ав