Пасля падзей 2020 года беларусы пачалі актыўна з'язджаць з краіны. Другой па папулярнасці пасля Польшчы стала Літва, але ў апошнія месяцы колькасць грамадзян Беларусі там скарачаецца.
На піку літоўскі ДНЖ мелі 62 844 грамадзян Беларусі. Так, паводле афіцыйных даных ад літоўскага дэпартамента міграцыі, было па стане на 1 красавіка 2024 года.
Цяпер колькасць беларусаў з літоўскімі ДНЖ скарацілася на паўтары тысячы чалавек. Па стане на 1 кастрычніка такіх было 61 357 чалавек.
Пікавым аказаўся 2022 год, калі ў Літве прыбавілася амаль 18 тысяч грамадзян Беларусі з ДНЖ. За 2021 год дадалося 7,6 тысячы беларусаў.
Лічба беларусаў з ПМЖ расце
Нягледзячы на тое, што агульная колькасць грамадзян Беларусі з ДНЖ у Літве пачала скарачацца, працягвае расці колькасць беларусаў з пастаянным дазволам на жыхарства.
Калі па стане на 1 студзеня 2024 года такіх было 3537 чалавек, то на 1 кастрычніка — 3707. Па стандартнай працэдуры ПМЖ атрымліваюць праз 5 гадоў жыцця па часовым дазволе на жыхарства, таму гэта беларусы, якія прыехалі ў Літву яшчэ да 2020 года.
Паралельна з гэтым расце колькасць трымальнікаў ДНЖ, выдадзеных на гуманітарных падставах — 2496 чалавек у кастрычніку супраць 1846 на пачатку года.
Наша Ніва/яс