Сайт Plan В. піша, што прыняў рашэнне закрыць свой бізнес у Еўрасаюзе вядомы беларускі касметычны холдынг «Беліта-Вітэкс». У заснавальніка беларускай касметычнай галіны, які вырабляе сотні найменняў крэмаў, шампуняў, геляў і іншай прадукцыі, з 2013 года існаваў цалкам легальны канал паставак на рынак ЕС – зарэгістраваная ў Латвіі дыстрыбутарская кампанія Euro B & V.
«Беліта-Вітэкс» стваралася з удзелам італьянскіх інвестараў, каб задаволіць патрэбы ў якаснай касметыцы жыхароў Беларусі і астатняй постсавецкай прасторы. Аднак пасля таго, як гэты рынак быў асвоены, уладальнікі рызыкнулі паспрабаваць свае сілы ў Еўропе. Латвія стала базавай краінай.
На афіцыйным сайце вытворцы дагэтуль пазначаны больш за дзесяць магазінаў Euro B & V у Рызе, Юрмале і Елгаве. Згадваюцца гандлёвыя кропкі таксама ў Румыніі і Чэхіі. Касметыку беларускіх брэндаў «Беліта» і «Вітэкс» можна было набыць праз іншыя каналы ў Польшчы і іншых краінах ЕС.
Бізнес «Беліта-Вітэкс» у ЕС быў даволі паспяховым. Напрыклад, нават у «кавідны» 2020 год, паводле справаздачы, Euro B & V натаварыла на 1,5 млн еўра і была прыбытковай. У наступныя два гады продажы ўпалі да каля мільёна еўра, і бізнес аказаўся стратным. Але ўжо ў 2023 годзе сітуацыя палепшылася. Пры выручцы прыблізна мільён еўра Euro B & V зноў выйшла на прыбытковасць.
Для параўнання: аб’ём продажу расійскай даччынай кампаніі «Беліта-Вітэкс-С» у тым жа годзе быў большы толькі ў тры разы.
Дадзеных за 2024 год яшчэ няма. Магчыма, на іх аснове стала б зразумела, што прымусіла ўладальнікаў «Беліта-Вітэкс» прыняць рашэнне аб ліквідацыі бізнесу ў Еўропе.
нг