У Мінскім абласным судзе 11 лютага 60-гадовую палітзняволеную Наталлю Ладуцьку прызналі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і асудзілі яе да чатырох гадоў пазбаўлення волі і 600 базавых велічыняў штрафу (24 тысяч рублёў). Рашэнне вынес суддзя Яўген Пісарэвіч, паведамляе dissident.by.
Жанчына была затрымана падчас рэйду 23-24 студзеня 2024 і знаходзілася ў СІЗА больш за год.
Як даведалася «Наша Ніва», у справе пенсіянеркі пералічана 177 эпізодаў, якія ставілася ў віну, у тым ліку: «бязвыплатныя пералічэнні грашовых сродкаў і адпраўленняў прадуктаў харчавання, прадметаў адзення, сродкаў асабістай гігіены і іншых прадметаў асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай і ў месцах выканання пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі».
Першае адпраўленне адбылося ўлетку 2021 года, апошняе - у снежні 2023 года, за месяц да затрымання жанчыны.
Атрымліваецца, што Наталля рабіла адпраўленні трохі больш за два гады. За гэты час, згодна з матэрыяламі справы, яна пералічыла больш чым 4 000 рублёў і адправіла пасылак больш чым на 500 кілаграмаў.
Пракурор Дзмітрый Хаваўка прасіў пакараць Наталлю Ладуцьку чатырма гадамі калоніі і штрафам памерам у 500 базавых. Суддзя вырашыў павялічыць памер штрафу да 600 базавых велічынь.
аз