Хатні бюджэт сярэднестатыстычнай беларускай сям'і ў 2024 годзе складаў 2415,2 рублі ў месяц, паведамляе Белстат. Гэтая сума амаль на 226 рублёў большая, чым было ў 2023-м. Пры гэтым на харчаванне ў сем'ях у 2024-м у сярэднім ішло 38,6 працэнта ад усіх спажывецкіх расходаў. Гэты паказчык скарачаецца як мінімум апошнія два гады, паведамляе zerkalo.io.
Наяўныя сумы ў 2024 годзе ў жыхароў гарадоў былі вышэйшыя, чым вёсак: 2537,7 рубля супраць 2018,5 рубля ў месяц адпаведна. У гэтыя сумы ўключаюць не толькі грошы, але таксама кошт прадуктаў з асабістай падсобнай гаспадаркі (без уліку патрачанай на іх вытворчасць), а таксама тавары, якія сям'я атрымала ў натуральным выглядзе або праз ільготы.
Грашовыя расходы адной сям'і ў 2024 годзе ў сярэднім былі на ўзроўні 2319,8 рубля (гэта на 330,9 рубля больш, чым у 2023 годзе). Пры гэтым 70,4% ад гэтай сумы (у грашовым выражэнні гэта 1 632 рублі) прыпадала на спажывецкія выдаткі.
На харчаванне ў сярэднестатыстычнай сям'і летась ішло 37,4% ад усіх спажывецкіх расходаў (каля 552 рублёў). Для параўнання: у 2023-м было 38,6%, а ў 2022-м - 39,7%.
На нехарчовыя тавары ў 2024 годзе ў беларускіх сем'яў у сярэднім спатрэбілася 36% ад усіх спажывецкіх расходаў, а на аплату паслуг — 24,1%. Раней аналітыкі праекту «Кошт урада» адзначалі, што ў Беларусі застаецца высокім узровень выдаткаў на харчаванне, што кажа аб захаванні ўразлівасці насельніцтва перад ростам коштаў.
«Рост коштаў прадуктаў вельмі балюча адаб'ецца спачатку на ўразлівых катэгорыях насельніцтва, а пасля ў рознай ступені на ўсіх беларусах. Для параўнання: у большасці краін Еўропы доля выдаткаў на харчаванне значна ніжэйшая. Напрыклад, у Літве і Польшчы гэта 20%, у Латвіі 19%, а ў Ірландыі і зусім толькі 9%», - звярталі ўвагу эксперты ў 2023 годзе.
аз