Беларуская Служба

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заклікаў Украіну дапамагчы вызваліць беларускіх палітвязняў

03.04.2025 15:02
«Заклікаем Украіну выкарыстаць усе магчымыя механізмы для садзейнічання вызваленню беларускіх палітвязняў».  
    ,
Вольга Зазулінская і Вадзім Кабанчук, Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі t.me/CabinetBelarus

Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі звярнуліся да ўкраінскага боку з ініцыятывай уключыць беларускіх палітвязняў у абменныя спісы.

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы кабінета Вольга Зазулінская і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета Вадзім Кабанчук накіравалі лісты прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, у Міністэрства замежных спраў Украіны і да Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека.

Яны падкрэслілі, што пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны шмат грамадзян Беларусі выступілі з адкрытай падтрымкай украінскага боку – удзельнічалі ў пратэстах, інфармацыйных і валанцёрскіх ініцыятывах, а таксама далучаліся да добраахвотніцкіх падраздзяленняў.

«Рэжым Лукашэнкі, які з’яўляецца саюзнікам Крамля, жорстка пераследуе любыя праявы салідарнасці з Украінай. У выніку шмат беларусаў былі арыштаваныя і асуджаныя на працяглыя тэрміны па сфабрыкаваных абвінавачваннях», – адзначаецца ў лістах.

Прадстаўнікі кабінета прапанавалі Украіне скарыстаць дзеля вызвалення беларускіх палітвязняў усе даступныя дыпламатычныя і міжнародныя механізмы.

«Заклікаем Украіну разгледзець гэтыя прапановы і выкарыстаць усе магчымыя механізмы для садзейнічання вызваленню беларускіх палітвязняў, якія падтрымліваюць Украіну», – гаворыцца ў звароце.

Такі крок, паводле аўтараў, не толькі падкрэсліць імідж Украіны як дзяржавы, што абараняе правы чалавека і падтрымлівае дэмакратычныя рухі, але і ўмацуе сувязі з беларускай грамадзянскай супольнасцю, прадэманструе салідарнасць і аслабіць пазіцыі рэжыму Лукашэнкі.

Да ліста прыкладзены спіс беларускіх палітзняволеных, якія падтрымалі Украіну.

аз