Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская адказала на планы рэжыму Лукашэнкі абвясціць АПК «тэрарыстычнай арганізацыяй»

30.04.2025 15:57
Лідарка беларускай апазіцыі назвала гэтае дзеянне яшчэ адной дэманстрацыяй бездапаможнасці рэжыму.
Святлана ЦіханоўскаяЗдымак: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская пракаментавала намер рэжыму Лукашэнкі абвясціць Аб’яднаны пераходны кабінет «тэрарыстычнай арганізацыяй». Лідарка беларускай апазіцыі назвала гэтае дзеянне яшчэ адной дэманстрацыяй бездапаможнасці рэжыму.

«Яны навешваюць ярлыкі экстрэмістаў і тэрарыстаў на людзей, якія клапоцяцца і змагаюцца за інтарэсы беларускага народа. Для іх «тэрарысты» — гэта ўсе, хто супрацьстаіць беззаконню, дапамагае рэпрэсаваным, распаўсюджвае праўду», — напісала Ціханоўская ў «Тэлеграме».

«Аб’яднаны Пераходны Кабінет быў створаны, каб абараняць незалежнасць Беларусі, дамагацца вызвалення палітвязняў, падтрымліваць рэпрэсаваных і рыхтаваць мірны пераход улады да дэмакратыі. Мы змагаемся не зброяй, а праўдай, салідарнасцю і міжнароднай падтрымкай», — зазначыла Ціханоўская.

Як паведамлялася, Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай хочуць прызнаць «тэрарыстычнай арганізацыяй». Сярод «абвінавачанняў» у адрас АПК фігуравала, у прыватнасці, дапамога палку Каліноўскага.

вс