Масавы адток працоўных, нястача спецыялістаў, высокі рост вакансій - гэта праблемы, якія ўлады прызнаюць афіцыйна. Праз масавыя звальненні пасля палітычна матываваных «адміністратывак» некаторыя сферы дзейнасці Віцебшчыны засталіся без кваліфікаваных кадраў. Праблему нястачы кадраў прызнаў і кіраўнік Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін у інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1».
«Рук бракуе, каб працаваць. Праектаў шмат, нават грошы можна знайсці на іх рэалізацыю, а вось з людзьмі - хто будзе рабіць гэта рукамі, і асабліва, хто будзе кіраваць, напэўна што, загвоздка».
Пры гэтым Субоцін не патлумачыў, чаму узнікла нястача людзей. Міністэрства працы таксама зафіксавала рост кадравай напружанасці ў рэгіёне. Калі ў 2023 годзе ў пералік напружаных раёнаў уваходзіла восем рэгіёнаў Віцебшчыны, то ў 2024 - ужо трынаццаць. За час кіраўніцтва Субоціна Віцебскай вобласцю - гэта амаль тры з паловай гады - вобласць страціла больш за 20 тыс. работнікаў (ва ўліку занятага насельніцтва). На партале дзяржаўнай службы занятасці, па стане на 30 красавіка, колькасць вакансій на Віцебшчыне складае 21 тыс. 947.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск