Беларуская Служба

Reuters: Спецпрадстаўнік ЗША па Украіне плануе паездку ў Беларусь і сустрэчу з Лукашэнкам

18.06.2025 07:49
Паводле інфармацыі Reuters, спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША па Украіне Кіт Кэлаг плануе наведаць Беларусь у бліжэйшыя дні, каб сустрэцца з Лукашэнкам.
Keith Kellogg
Keith KelloggEPA/BORIS ROESSLER

Reuters гэта паведамляе са спасылкаю на чатыры крыніцы. Афіцыйная інфармацыя пра візіт не была апублікавана.

Паводле дзвюх крыніц, дакладны парадак дня сустрэчы невядомы, хоць Кэлаг у прыватных размовах назваў паездку крокам, які можа дапамагчы запусціць працэс мірных перамоваў па спыненні вайны Расіі супраць Украіны.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША і пасольства Беларусі ў Вашынгтоне адмовіліся ад каментароў. Кэлаг і Белы дом не адказалі на просьбы аб каментарыях.

Агенцтва Reuters адзначае, што планаванне такіх паездак патрабуе дбайных перамоваў, і магчыма, што візіт можа быць адменены або зменены ў апошні момант.

Калі Кэлаг сустрэнецца з Лукашэнкам, ён стане самым высокапастаўленым чыноўнікам ЗША, які наведаў аўтарытарную дзяржаву за апошнія гады, піша агенцтва.

У 2020 годзе, падчас першага тэрміну Трампа, Дзяржаўны сакратар Майк Пампеа наведваў Беларусь, гэта быў  візіт прадстаўніка ЗША на высокім узроўні за 20 гадоў. Паездка была часткай першай кампаніі адміністрацыі Трампа па паляпшэнні адносін з Беларуссю ў той час.

12 чэрвеня Кіт Кэлаг заявіў, што спрабаваў данесці да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа важнасць намаганняў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага па дасягненні міру.

вх