29 чэрвеня мінулага года Еўразвяз увёў чарговыя санкцыі супраць Беларусі. Акрамя іншага, яны прадугледжвалі з кастрычніка 2024-га забарону на пастаўкі ў краіны ЕС і транзіт па яго тэрыторыі шкляной прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. У выніку «Гомельшкло» і «Гродзенскі шклозавод» апынуліся ў складаным фінансавым становішчы. Гэта вынікае з ліста на імя Аляксандра Лукашэнкі, падпісанага ад імя першага намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Алега Швеца, высветліла «Люстэрка» пры дапамозе BELPOL.
Зварот да Лукашэнкі
У звароце да Лукашэнкі гаворыцца, што аб'ёмы продажаў завода «Гомельшкло» з-за страты больш за 40% рынку збыту (гэта былі краіны ЕС) упалі ў тры разы. У выніку летась выручкі хапала толькі на крытычна важныя выдаткі, а запазычанасць за газ (больш за 17,3 млн рублёў) і крэдыты заставаліся неаплачанымі.
«Гродзенскі шклозавод», куды ўваходзіць таксама нацыяналізаванае прадпрыемства «Ялізава», як вынікае з ліста, адгружаў у Еўропу каля 85% прадукцыі (хоць у іншым дакуменце, адрасаваным Мінэканомікі, указана, што ў ЕС і Украіну накіроўвалася ўсяго 20-30% выпуску). У выніку кампанія не магла расплачвацца з пастаўшчыкамі сыравіны. У выніку чыноўнікі спрабавалі дастукацца да палітыка, каб выбіць дзяржпадтрымку для «стабілізацыі фінансавага стану» двух заводаў і «мінімізацыі наступстваў ад уведзеных ЕС санкцый».
Што прасілі ў Лукашэнкі для гомельскага завода?
З праекту дакумента, які накіравалі Лукашэнку, вынікае, што «Гомельшклу» прасілі перадаць з бюджэту 47 млн долараў на інвестыцыйны праект. Акрамя таго, прадугледжана адтэрміноўка і растэрміноўка па вяртанні даўгоў і працэнтаў на 5-10 гадоў, а таксама выплата за кошт бюджэту працэнтаў па даўгах. Гэтую дапамогу чыноўнікі прасілі пасля таго, як заводам ужо аказалі істотную падтрымку.
Як вынікае з іншых дакументаў, якія апынуліся ў распараджэнні «Люстэрка» дзякуючы BELPOL, у снежні мінулага года «Беларуская шкляная кампанія» выдзеліла «Гомельшклу» крэдыт на 24,5 млн рублёў. За кошт падаткаплацельшчыкаў заводу абяцалі ў 2025 годзе кампенсаваць 11,4 млн рублёў. Гэта выдаткі на марскія пастаўкі прадукцыі з расійскага порта ў Турцыю.
Якая сітуацыя з прадпрыемствам у Гродне?
Не застаўся без дапамогі і другі шклозавод. «Гродзенскаму шклозаводу» мясцовы аблвыканкам выдзеліў сродкі з інавацыйнага фонду для пагашэння крэдыту: 6 млн рублёў у 2024 годзе, яшчэ 16 млн збіраліся ў 2025-м. «Беларуская шкляная кампанія», куды ўваходзяць абодва праблемныя прадпрыемствы, дала гродзенскаму крэдыт на 24,5 млн рублёў.
Таксама ўлады павялічылі ўтылізацыйны збор для вытворцаў і імпарцёраў з 270 да 330 рублёў за тону (верагодна, сам гродзенскі завод ад яго вызвалілі). Акрамя таго, абодвум заводам далі адтэрміноўку на год па выплатах за газ. А з 2027-га па 2030-ы ім дазволілі плаціць з растэрміноўкай. Гэтая мера была ініцыяваная намеснікам прэмʼер-міністра Анатолем Сіваком яшчэ ў верасні мінулага года.
аз