У Беларусі адмовіліся ад поўнай забароны вэйпаў. Гэта стала зразумела з вынесенага на грамадскае абмеркаванне законапраекта «Аб тытунёвай сыравіне, тытунёвых і нетытунёвых нікацінасутных вырабах, электронных сістэмах курэння, вадкасцях для іх, сістэмах для спажывання тытуню», паведамляе «Наша Ніва».
Паводле даных афіцыйнага імпарцёра «Энерга-Оіл», каля 77% аднаразовых вэйпаў (больш за 26 тысяч штук) трапляюць у краіну нелегальна, а недапаступленне акцызаў ад такога ценявога рынку ацэньваецца ў 130 мільёнаў рублёў штогод.
Урад разглядаў магчымасць поўнай забароны электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх, але прыйшоў да высновы, што забарона толькі падштурхне рост нелегальнага абароту, гаворыцца ў абгрунтаванні законапраекта.
Замест гэтага прапануецца ўвесці ліцэнзаванне вытворчасці, захоўвання, імпарту, oптaвага і рознічнага гандлю. Узмацніць дзяржаўны кантроль і маніторынг усёй звязанай прадукцыі, а таксама абмежаваць месцы выкарыстання (напрыклад, забараніць курэнне вэйпаў каля пад'ездаў).
Аўтары законапраекта падкрэсліваюць, што вэйпы цалкам забараняць не плануецца, бо на іх ёсць устойлівы попыт сярод спажыўцоў.
Законапраект апублікаваны на Прававым форуме Беларусі для абмеркавання з грамадскасцю.
Летась пытанне аб забароне вэйпаў разгледзелі ў Савеце Рэспублікі і абяцалі распрацаваць адпаведны законапраект.
Паводле слоў члена Савета Рэспублікі і галоўнага ўрача Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтра Віктара Кандратовіча, задачу паставіла Наталля Качанава.
Паводле яго слоў, апроч сардэчна-сасудзістых захворванняў, якія могуць выклікацца ў тым ліку выкарыстаннем вэйпа, ёсць анкалагічныя захворванні. Таму што ёсць вэйпы, хоць з нікатынам, хоць без нікатыну, у любым выпадку змяшчаюць шмат фармальдэгідаў, якія выклікаюць у тым ліку анкалагічныя захворванні.
«Пухліны галавы, шыі, паражніны рота, глоткі ў мужчын стаяць на пятым месцы. Асноўныя курцы – гэта мужчыны. Я хачу сказаць, што хворыя пухлінай паражніны рота і глоткі – на працягу года памірае 30% з хворых», – тлумачыў тады спецыяліст.
Цяпер жа забараняць вэйпы адмовіліся. Аўтары законапраекта тлумачаць, што на рынку ёсць «пэўны спажывецкі попыт» на іх, а калі ўвесці забарону, то вэйпы будуць купляць нелегальна.
аз