Старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі Іван Тэртэль заявіў, што прадстаўнікі Беларусі ўдзельнічаюць у абменах палоннымі паміж Расіяй і Украінай з верасня 2022 года.
«Абменныя аперацыі пачаліся, наколькі я памятаю, 21 верасня 2022 года – была праведзеная першая аперацыя. З таго моманту мы правялі 38 абменных аперацый, у выніку якіх ажыццяўляліся абмены ваеннапалоннымі, цывільнымі асобамі, дзецьмі з аднаго і з іншага боку. Праводзілася ўз’яднанне сем'яў. На жаль, абмен целамі загінулых», – сказаў Іван Тэртэль у інтэрвʼю тэлеканалу «Беларусь 1».
Паводле яго, КДБ займаецца арганізацыйнымі пытаннямі і каардынуе ўзаемадзеянне з іншымі структурамі Беларусі.
Іван Тэртэль адзначыў, што ў Беларусі на лячэнне застаецца шмат параненых. «Памежныя лякарні, і не толькі памежныя, у нас загружаныя гэтым кантынгентам у тым ліку», – дадаў ён.
У той жа час, Іван Тэртэль не згадаў пра грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі, трапілі ва ўкраінскі палон і былі перададзеныя ў межах абменаў.
За апошні час Украіна перадала ў межах абменаў з Расіяй, што адбываліся на беларускай тэрыторыі, чатырох беларусаў: Яўгена Камянькова з Бабруйску, які знаходзіўся ва ўкраінскім палоне з вясны 2024 года, Дзьмітра Ананчыка з Мінска, якога ў снежні 2024 года захапілі ў часе баёў у Луганскай вобласці, Аляксея Чарнышова і Сяргея Мірончыка, які трапіў ва ўкраінскі палон у лютым 2025 года.
У перамовах Расіі і Украіны пра абмен палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ірына Касцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Украіне Валеры Сцепановіч.
Пасля таго, як у жніўні 2024 года ўкраінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Курскай вобласці Расіі, абмен палоннымі перанеслі на тэрыторыю Беларусі.
Цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 8 грамадзян Беларусі, а ў расійскім – сама меней 2.
svaboda.org/аз