Беларуская Служба

Келаг зняпраўдзіў заяву Лукашэнкі пра гатоўнасць ЗША спрыяць спыненню ўдараў Украіны па тэрыторыі РФ

02.07.2025 15:15
Нагадваем, Аляксандр Лукашэнка і Кіт Келаг сустракаліся ў Мінску 21 чэрвеня 2025 года.
C
Cпецпрадстаўнік ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг By JKTKMM - Own work, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=71944237

«Вырваным з кантэксту» назваў спецпрадстаўнік ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг выказванне Аляксандра Лукашэнкі 1 ліпеня аб тым, што пасланнік Белага дома абяцаў «папрацаваць» над пытаннем спынення Украінай удараў па тэрыторыі Расіі, паведамляе «Позірк».

«Падчас размовы з Лукашэнкам [у Мінску] мы абмяркоўвалі поўнае і безумоўнае спыненне агню. Любое абмежаванне паводзін Кіева было абумоўлена дзеяннямі ў адказ Масквы. Я ні разу не рабіў заўваг, якія тычацца вядзення Украінай вайны па-за рамкамі поўнага спынення агню», – напісаў Келаг на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

Выступаючы 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці, Лукашэнка сярод іншага заявіў, што на перамовах з Келагам ён «у тым ліку давёў да амерыканскага боку пазіцыю свайго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна наконт магчымасці перамір’я ва Украіне, для пачатку хоць бы ў паветры».

Пры гэтым, паводле Лукашэнкі, у Пуціна на гэты конт ёсць адно дакладнае патрабаванне: «Хай яны (на Захадзе) скажуць свайму падначаленаму Зяленскаму, каб ён не наносіў па Расіі ўдары. Тады мы пагодзімся».
«Вось гэтую пазіцыю да амерыканцаў давёў. І кажу: і што тут дрэннага? Мы папрацуем, кажа прадстаўнік ЗША, у гэтым кірунку», – заявіў Лукашэнка.

Расійская агрэсія ў дачыненні да Украіны, якую падтрымлівае афіцыйны Мінск, працягваецца з 24 лютага 2022 года.

Лукашэнка і Келаг сустракаліся ў Мінску 21 чэрвеня 2025 года.

аз

Эксперт: ЗША пачынаюць перазагрузку адносін з рэжымам Лукашэнкі

23.06.2025 11:23
У суботу рэжым вызваліў 14 палітычных зняволеных. У адказ амерыканцы могуць пайсці на ўзнаўленне працы амбасады ці зняцце санкцый з Беларуськалія, - прагназуе Павал Усаў.