Беларуская Служба

Беспрацоўных беларусаў ужо выклікаюць у міліцыю позвамі 

14.07.2025 14:07
Раней «Гомельская вясна» прыводзіла каментар юрысткі, якая падкрэслівала, што ні крымінальны, ні адміністрацыйны кодэксы не прадугледжваюць адказнасці за беспрацоўе.
 :     .
Ілюстратыўны здымак: мерапрыемства з беспрацоўнымі ў РАУС. Фота: «Зара над Нёманам»

Міліцыя ў Беларусі, працягваючы «адпрацоўваць» грамадзян, што трапілі ў спісы «не занятых у эканоміцы», перайшла на новы ўзровень. На так званыя «групавыя прафілактычныя мерапрыемствы» ў РАУС, дзе беспрацоўных прымушаюць уладкоўвацца на працу афіцыйна, пачалі выклікаць не паведамленнямі пра яўку, як раней, а канкрэтна позвамі, паведамляе гомельскае выданне «Флагшток».

Прынамсі, так робяць у АУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля, расказаў «Флагштоку» жыхар абласнога цэнтра і паказаў фота позвы. У ёй пазначана, што грамадзяніну неабходна з’явіцца ў РАУС у канкрэтныя дату і час у якасці «прафілактыруемага».

Сцвярджаецца, што ў выпадку няяўкі можа наступіць адміністрацыйная адказнасць паводле арт. 24.3 КаАП — непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў. Падкрэсліваецца, што гэта «цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да ста базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт».

Верагодна, форму позвы для выкліку «дармаедаў» на «групавыя прафілактычныя мерапрыемствы» міліцыя пачала выкарыстоўваць для запалохвання, пагражаючы адміністрацыйнай адказнасцю.

Але ў артыкуле КаАП гаворка ідзе пра непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню, а дадзенае патрабаванне міліцыі незаконнае. Сілавікі не маюць права выклікаць грамадзяніна позвай толькі на падставе таго, што ён з’яўляецца афіцыйна беспрацоўным.

Раней «Гомельская вясна» прыводзіла каментар юрысткі, якая падкрэслівала, што ні крымінальны, ні адміністрацыйны кодэксы не прадугледжваюць адказнасці за беспрацоўе.

Масавая «адпрацоўка» міліцыяй тых грамадзян, што трапілі ў базу «не занятых у эканоміцы», праводзіцца з 1 красавіка 2025 года МУС сумесна з Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

эж