Беларуская Служба

Беларусы сярод лідараў па зваротах на міжнародную абарону ў Польшчы

15.07.2025 09:45
За першыя паўгода бягучага году ўжо тысяча беларусаў атрымала статус уцекача.
Ілюстрацыйнае фотаArtur Reszko/PAP

У студзені-чэрвені 2025 года 1,6 тыс. беларусаў звярнуліся па міжнародную абарону ў Польшчы, сведчаць дадзеныя Упраўлення па справах замежнікаў. Часцей за заявы аб абароне падаюць толькі грамадзяне Украіны (5 тыс.), паведамляе MOST.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўкраінцы сталі звяртацца па міжнародную абарону ў Польшчы амаль удвая часцей (у I паўгоддзі 2024 года іх было 2,7 тыс.), а беларусы, наадварот, радзей (2 тыс.).

Усяго за паўгода ў Польшчы прынята 8,5 тыс. заяў аб міжнароднай абароне. Акрамя ўкраінцаў і беларусаў буйной групай з'яўляюцца расіяне (каля 400 зваротаў). 

У папярэднія перыяды шмат заяў падавалі таксама выхадцы з Афрыкі і Блізкага Усходу, аднак з 27 сакавіка Польшча ўвяла абмежаванне на прыняцце заяў аб абароне на граніцы з Беларуссю. Цяпер такое права засталося толькі ва ўразлівых  асоб.

За паўгода ў Польшча прадставіла абарону 2,8 тыс. замежнікам, у тым ліку 1,5 тыс. украінцам, 1 тыс. беларусаў і 60 грамадзянам Эфіопіі. Колькасць беларусаў, якія атрымалі абарону, значна скарацілася: годам раней іх было 1,4 тыс., у той час як украінцаў - 1,3 тыс.

Яшчэ 1 тыс. замежнікаў атрымалі ў студзені-чэрвені адмоўныя рашэнні. Сярод іх 500 украінцаў, 130 расіян і ўсяго 70 беларусаў.

Такім чынам, сярод усіх разгледжаных спраў беларусаў доля адмоў параўнальна невялікая і складае каля 6,5%.

Па 1,5 тыс. заяў замежнікаў Польшча спыніла разгляд спраў. Сярод іх каля 300 украінцаў, каля 100 эфіёпаў і столькі ж таджыкаў. Як правіла, разгляд справы спыняецца, калі заяўнік пакінуў тэрыторыю Польшчы да вынясення рашэння па сутнасці.

юл