Беларуская Служба

Сёлета Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova пройдзе ў чатырох гарадах

16.07.2025 16:02
Pradmova – гэта незалежная культурная падзея, што яднае сучасную беларускую думку, слова, вобраз і рух.
        Pradmova  . 2024
Хор «Познаньскі спеўны сход» адкрывае фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova выкананнем «Пагоні». 2024 годфота: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova сёлета пройдзе ў чатырох еўрапейскіх гарадах: Вільні, Празе, Познані і Варшаве. Арганізатары запрашаюць падаваць заяўкі на ўдзел асоб і ініцыятывы, што працуюць з беларускай літаратурай і культурай, паведамляе Bellit.info.

Pradmova – гэта незалежная культурная падзея, што яднае сучасную беларускую думку, слова, вобраз і рух. Фестываль стаў традыцыйным месцам сустрэчы выдаўцоў, аўтараў, перакладчыкаў, мастакоў, дызайнераў, даследчыкаў, музыкаў, тэатральных творцаў і, вядома, чытачоў. У праграме – прэзентацыі кніг, дыскусіі, літаратурныя чытанні, канцэрты, перформансы, аўтограф-сесіі, майстар-класы і мноства іншых фарматаў, прысвечаных вольнаму мысленню, творчасці і культурнаму выказванню.

Восенню 2025 году Pradmova завітае ў чатыры гарады. Першыя мерапрыемствы адбудуцца ў Вільні (10-12 кастрычніка), далей фестываль пройдзе ў Празе (24-26 кастрычніка), затым завітае ў Познань (7-9 лістапада), а скончыцца вялікім фестывалем у Варшаве (21-24 лістапада). Таксама імпрэзы будуць адбывацца анлайн на працягу фестывальнага сезону – з кастрычніка па лістапад.

Адкрыты прыём заявак на ўдзел у фестывальнай праграме. Узяць удзел могуць асобы і ініцыятывы, якія працуюць з беларускай літаратурай, мовай, мастацтвам, думкай і/або грамадскай тэматыкай – праз тэкст, візуальнае выказванне, перформанс, даследаванне ці іншыя формы.

Заяўкі прымаюцца да 30 ліпеня ўключна праз анлайн-форму на сайце фестывалю pradmova.eu. Абмежаванняў па ўзросце, досведзе або месцы жыхарства няма.

вс