Беларуская Служба

Відавочцы: На мінулым тыдні у Лоеўскім раёне быў збіты дрон, над Рэчыцай самалёт пераследаваў БПЛА

16.07.2025 18:41
«Я працаваў у начную змену, пачуў дзіўныя гукі, выйшаў паглядзець. Гук быў дакладна як ад БПЛА «Шахед», ён кружыў над Рэчыцай, за ім ганяўся самалёт, але ці збілі БПЛА, не ведаю».
   Shahed
Беспілотны лятальны апарат ShahedAnelo/Shutterstock

На мінулым тыдні у Лоеўскім раёне быў збіты дрон, над Рэчыцай самалёт пераследаваў беспілотны лятальны апарат, паведамілі «Позірку» відавочцы.

Сяргей (тут і ніжэй імёны змененыя з меркаванняў бяспекі) распавёў, што бачыў, як БПЛА збілі над Лоеўскім раёнам, непадалёк ад вёскі Мохаў (8 км ад Лоева, 75 км ад Гомеля). «Гэта было ў ноч з 11 на 12 ліпеня. Ляцеў «Шахед» з характэрным гукам, як мапед ці матацыкл. І ў небе непадалёк ад Мохава па ім стрэлілі, мне падалося, што з зенітнай устаноўкі, але я не ўпэўнены. Акурат на Дняпры былі рыбакі, яны спалохаліся», – адзначыў суразмоўца.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі сілавых структур аператыўна прыбралі парэшткі БПЛА.

Відавочца Артур у ноч на 10 ліпеня пабачыў, паводле яго выразу, бітву дрона і самалёта ў небе над Рэчыцай. «Я працаваў у начную змену, пачуў дзіўныя гукі, выйшаў паглядзець. Гук быў дакладна як ад БПЛА «Шахед», ён кружыў над Рэчыцай, за ім ганяўся самалёт, але ці збілі БПЛА, не ведаю», – заявіла крыніца.

Паводле інфармацыі ўкраінскага маніторынгавага каналу «Ринда моніторить», вечарам 11 ліпеня БПЛА ляцеў у бок Беларусі праз Чарнігаўскую вобласць.

У распараджэнні «Позірку» ёсць відэазапіс, зроблены ноччу ў Гомельскай вобласці. На ім добра чуваць гук дрона. З меркаванняў бяспекі крыніцы відэазапіс не публікуецца.

Раней паведамлялася, што ў ноч на 10 ліпеня ў Гомельскую вобласць заляцела больш за 20 расійскіх БПЛА.

вс