У Фінляндыі ўступіў у сілу закон, які забараняе здзелкі з нерухомасцю для грамадзян Беларусі і Расіі, паведамляе партал yle.fi, што заўважылі на сайце Позірк.
Неабходнасць у такіх заканадаўчых зменах існавала даўно, «яшчэ да нападу Расіі на Украіну», заявіў з гэтай нагоды ў сацсетцы Х міністр абароны Фінляндыі Анці Хяккянен.
«Гаворка ідзе аб умацаванні бяспекі Фінляндыі і гатоўнасці да розных спосабаў уздзеяння», — падкрэсліў кіраўнік Мінабароны.
Законапраект, які забараняе грамадзянам Беларусі і Расіі здзелкі з нерухомасцю, быў вынесены ў Фінляндыі на грамадскае абмеркаванне 25 траўня, яно скончылася 9 чэрвеня.
Папраўкі ініцыяваныя Міністэрствам абароны краіны.
Раней парламент Фінляндыі прыняў закон, які дазваляе абароннаму ведамству блакаваць здзелкі з нерухомасцю для «асоб або арганізацый, дзяржава якіх развязала агрэсіўную вайну ці можа прадстаўляць пагрозу бяспецы Фінляндыі».
Парламент Латвіі 19 чэрвеня ў канчатковым, трэцім чытанні прыняў закон, які забараняе фізічным і юрыдычным асобам з Беларусі і Расіі набываць нерухомасць у гэтай балтыйскай дзяржаве. Забарона будзе распаўсюджвацца на здзелкі, заключаныя пасля ўступлення дакумента ў сілу.
яс