Беларуская Служба

У Мінску — рэкордны недахоп кадраў

17.07.2025 11:25
У Мінску патрабуецца каля чвэрці ад усіх вакансій па Беларусі. Асабліва патрэбны ў сталіцы кадры ў сферы IT, гандлі і медыцыне.
.
МТЗ. Ілюстрацыйны здымакБеларуская служба Польскага радыё/Яланта Смялоўская

Дэфіцыт працаўнікоў у Мінску перавышае 60 тысяч чалавек. Сталічныя службы занятасці расказалі, якіх кадраў больш за ўсё не хапае наймальнікам, паведамляе «Люстерка».

У Мінску захоўваецца высокі попыт на працоўных, для іх адкрыта больш за 60% ад усіх вакансій.

Аб недахопах кадраў заяўляюць арганізацыі прамысловасці (24%), гандлю (14%), будаўніцтва (9%), адукацыі (9%), аховы здароўя і прадастаўлення сацыяльных паслуг (8%), транспарту (8%)», — паведамляе камітэт па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама.

У прамысловасці патрабуюцца аператары станкоў з праграмным кіраваннем, наладчыкі станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем, слесары, камплектоўшчыкі, токары, фрэзероўшчыкі, электраманцёры, электразваршчыкі, шліфоўшчыкі.

У будаўніцтве больш за ўсё запатрабаваны муляры, маляры, тынкоўшчыкі, абліцоўшчыкі-плітачнікі, электрагазазваршчыкі, мантажнікі будаўнічых канструкцый, дарожныя працоўныя.

У гандлі і грамадскім харчаванні запатрабаваныя прадаўцы, кухары, кладаўшчыкі, кантралёры-касіры, афіцыянты, кухонныя працоўныя, мыйшчыкі посуду, укладчыкі-ўпакоўшчыкі.

У транспартнай сферы патрэбны вадзіцелі аўтамабіля, тралейбуса, пагрузчыка, трактарыст, слесары па рамонце рухомага саставу.

У жыллёва-камунальнай гаспадарцы больш за ўсё патрэбны дворнікі, рабочыя па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў, слесары-сантэхнікі, прыбіральшчыкі тэрыторый.

«З ліку спецыялістаў найбольш запатрабаваны медыцынскія работнікі, спецыялісты ў сферы адукацыі і культуры, інжынеры, праграмісты, фінансавыя работнікі, кіраўнікі арганізацый і іх структурных падраздзяленняў, спецыялісты ў розных сферах», - паведамляюць у камітэце.

Нагадаем, раней у Мінпрацы звярталі ўвагу, што ў Мінску патрабуецца больш за ўсё працаўнікоў - каля чвэрці ад усіх вакансій па краіне. Асабліва патрэбны ў сталіцы кадры ў сферы IT, гандлі і медыцыне.

У красавіку гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова прыняць 150 тысяч спецыялістаў з Пакістана, каб паправіць сітуацыю на рынку працы.

Пасля гэтага міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што пасля рэйдаў міліцыі па «дармаедах» у Мінску людзі сталі часцей звяртацца ў цэнтры занятасці насельніцтва. Нагадаем, міліцыю прыцягваюць для працы з «утрыманцамі» таксама і ў рэгіёнах.

Вырашыць праблему з недахопам работнікаў у Беларусі не ўдаецца ўжо не першы год. Сярод прычын - ад'езд спецыялістаў на працу за мяжу, а таксама звальненні з-за «палітыкі».
яс

Якія навыкі найбольш запатрабаваныя на польскім рынку працы?

03.01.2025 14:40
Кожная чацвёртая фірма адчувае дэфіцыт працаўнікоў з неабходнымі кампетэнцыямі.