Беларуская Служба

Эксперты ААН заклікалі да расследавання смерцяў у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі

17.07.2025 12:47
Група незалежных экспертаў ААН 16 ліпеня выступіла з заявай, у якой заклікала да неадкладнага пачатку эфектыўнага і празрыстага расследавання смерцяў людзей, пазбаўленых волі за выказванне палітычнага іншадумства ў Беларусі.
.
.Erdenebayar Bayansan/Pixabay/CC0

Паводле звестак «Вясны», восем палітвязняў памерлі ў беларускіх турмах, вядома пра адзін выпадак самагубства. Эксперты ААН накіравалі ліст беларускім уладам, звяртаючы іх увагу на асцярогі з нагоды магчымых грубых парушэнняў правоў чалавека ў сувязі са смерцямі палітвязняў у месцах пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце арганізацыі.

«За апошнія чатыры гады некалькі чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі, памерлі ў месцах пазбаўлення волі або неўзабаве пасля вызвалення», − адзначылі эксперты.

Яны адзначылі, што гэтыя смерці адбываюцца на фоне пастаянных паведамленняў аб жорсткім абыходжанні з людзьмі, пазбаўленымі волі за выказванне нязгоды з уладамі, у тым ліку з удзельнікамі пратэстаў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

«У выпадку наступлення смерці ў зняволенні прэзумпцыя адвольнага пазбаўлення жыцця можа быць аспрэчаная толькі на падставе належнага расследавання», − падкрэслілі эксперты.

Вясна/ав