Кампанія Birių krovinių terminalas (BKT), якая займалася перавалкай беларускага калію ў порце Клайпеды, звярнулася да ўрада Літвы з прапановай аднавіць транзіт угнаенняў з Беларусі, спасылаючыся на літоўскае агенцтва BNS, паведамляе партал reform.news.
У распараджэнні рэдакцыі BNS апынуўся ліст генеральнага дырэктара BKT Русланаса Малінінаса на імя прэм’ер-міністра Гінтаутаса Палуцкаса. У ім кампанія прапануе заключыць міравое пагадненне і аднавіць пастаўкі калійных угнаенняў, у абмен на адкліканне іску супраць Рады ЕС у Судзе ЕС.
У лісце гаворыцца, што транзіт можа быць адноўлены паводле спецыяльнага механізму, падобнага да калінінградскага, з улікам глабальнай харчовай бяспекі і скарачэння даходаў Расіі ад лагістыкі беларускага калію.
Урад Літвы заяўляе, што такі ліст не паступаў. Міністр транспарту Эўгеніюс Сабуціс адзначыў, што транзіт забаронены згодна з міжнароднымі санкцыямі і ніякія перамовы па гэтым пытанні не вядуцца.
эж