Пералік «тэрарыстычных арганізацый» у адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага суда папоўніў Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).
Абодва спісы былі абноўленыя 16 ліпеня і апублікаваныя ў адмысловым тэлеграм-канале КДБ 18 ліпеня.
У «спіс тэрарыстаў» унесеныя асуджаныя паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) – Руслан Ліннік, Ала Юшкевіч і Валерый Жукаў; паводле арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) – Андрэй Бераставы, Алена Рудая і Кірыл Слівец; паводле арт. 130 і 361 – Уладзіслаў Браўэр.
Акрамя таго, у ім цяпер фігуруюць абвінавачаныя паводле арт. 130 Канстанцін Дзмітрыеў, Аляксей Кердаль і Руслан Тупік; паводле арт. 130 і 361 – Аркадзь Кайчурэнка.
Раней МУС унесла Лінніка, Браўэра, Юшкевіч і Бераставога ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Ліннік – былы палітвязень, ён выйшаў на волю сёлета ў чэрвені. Статус палітзняволенай нададзены Юшкевіч (паводле інфармацыі праваабаронцаў, асуджаная таксама паводле арт. 361.4 – «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
У «спісе тэрарыстаў» 1 443 пазіцыі і 1 326 чалавек, з іх 629 – грамадзяне Беларусі. Абвешчаным «тэрарыстамі» зняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.
Паводле інфармацыі з пераліку «тэрарыстычных арганізацый», да АПК маюць дачыненне «Ціханоўская С.Г., Латушка П.П., Сахашчык В.С., Кавалеўскі В.Г., Азараў А.А., Гарбунова В.А., Коўшык-Петшыкоўска А.У., Мацкевіч В.В., Кабанчук В.М., Губарэвіч Ю.І»..
Адметна, што Валерый Сахашчык, Валер Кавалеўскі, Аляксандр Азараў, Вольга Гарбунова і Аліна Коўшык ужо не з’яўляюцца членамі Кабінета.
У дакуменце пазначаны юрыдычны адрас АПК у Варшаве, заяўлена, што арганізацыя была створаная 9 жніўня 2022 года і ўключаная ў адпаведны польскі рэестр «з арганізацыйна-прававой формай – фонд».
Сцвярджаецца, што «члены «Аб’яднанага пераходнага кабінета» ажыццяўляюць дзейнасць тэрарыстычнага і экстрэмісцкага характару ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, а таксама фінансуюць такую дзейнасць».
Пра тое, што Вярхоўны суд прызнаў АПК «тэрарыстычнай арганізацыяй», стала вядома 9 ліпеня.
Варта адзначыць, што беларускія ўлады ў апошнія гады часцей за ўсё называюць «экстрэмізмам» і «тэрарызмам» дзейнасць сваіх палітычных апанентаў унутры краіны і па-за яе межамі. Асуджаных з палітычных матываў грамадзян рэгулярна ўносяць у адпаведныя спісы.
pozirk.online/вх