У Брэсцкім СІЗА ў траўні было да 50 чалавек, затрыманых па «справе Беларускага Гаюна». Пра гэта паведаміў у сацсетках заснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак, чытаем на сайце euroradio.
«Агульная колькасць арыштантаў СІЗА — да 280 чалавек, з якіх каля 60-70% гэта палітычныя. Па нашых дадзеных, тэрмін утрымання за кратамі фігурантам «справы Гаюна» працягваецца праз складанасць справы», — напісаў Стрыжак.
Таксама ён дадаў, што ў мясцовае СІЗА рэгулярна прывозяць людзей, затрыманых на беларуска-польскай мяжы, «што негледзячы на папярэджанні, едуць у Беларусь, маючы пратэстны бэкграўнд».
Раней праваабаронцы «Вясны» паведамлялі пра 26 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюна». Па гэтай справе прайшло як мінімум ужо шэсць судоў.
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы праект, які адсочваў вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі прызнаў яго «экстрэмісцкім». У лютым 2025-га сілавікі атрымалі доступ да персанальных звестак людзей, якія перадавалі інфармацыю ў чат «Беларускага Гаюна». Пасля гэтага кіраўнік праекта Антон Матолька абвясціў пра яго закрыццё. Цягам некалькіх месяцаў праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні па гэтай справе.
эж