За дачыненне да міграцыйнага крызісу на мяжы ўвесці санкцыі супраць кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі прапануе Польшчы Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), заявіў яго кіраўнік Павел Латушка падчас стрыму на сваім Ютуб-канале. Пра гэта паведамляе «Позірк».
«Мы ўнеслі ў Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы цэлы пакет прапаноў аб увядзенні санкцый у дачыненні да кіраўніцтва пагранічнага камітэту Беларусі, у дачыненні да прапагандыстаў, якія падтрымліваюць гэтую міграцыйную вайну», – сказаў палітык.
Латушка анансаваў сваю сустрэчу з кіраўніцтвам МЗС Польшчы 21 ліпеня, на якой мае намер закрануць тэму санкцый.
«Я буду адстойваць пазіцыю: нельга закрываць пагранічныя пераходы для людзей, нельга Беларусь блакаваць, закрываць, не ведаю, там, у нейкім кансервавым банку. Рэагаваць трэба на рэжым, на першапрычыну», – растлумачыў ён.
Латушка прапануе Варшаве «закрываць таварныя патокі – біць па рэжыме, каб яму гэта вельмі дорага каштавала», а таксама ініцыяваць, па аналогіі з Літвой, пазоў у Міжнародны суд ААН у сувязі з міграцыйным крызісам.
Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
На дадзены момант для пасажырскіх перавозак з Польшчай адкрыты толькі пункт пропуску Цярэспаль (Брэст), для грузавога транспарту – Кукурыкі (Казловічы).
Астатнія пункты пропуску зачыненыя Варшавай як рэакцыя на дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
вс