Беларуская Служба

Асудзілі палітвязня, які чатыры гады хаваўся ад сілавікоў

21.07.2025 17:23
Першы раз яго затрымалі 5 кастрычніка 2020 года і кінулі ў мікрааўтобус у моцна зацягнутых кайданках – ад рэзаных ран у гродзенца засталіся шнары на руках.
Мікіта СамарынЗдымак з сайта Праваабарончага цэнтра «Вясна»

Да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прыгаварылі ў Гродне палітвязня Мікіту Самарына. Перад гэтым ён чатыры гады хаваўся ад папярэдняга прысуду.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што Мікіту прызналі вінаватым паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да міліцыянераў), а таксама арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Вядома, што яго больш за месяц утрымліваюць у ШІЗА.

Да 2020 года Самарын працаваў у Гродне аўтарэстаўратарам, уваходзіў у клуб рэканструктараў рэтрааўтамабіляў «Вінтаж». Першы раз яго затрымалі 5 кастрычніка 2020 года і кінулі ў мікрааўтобус у моцна зацягнутых кайданках – ад рэзаных ран у гродзенца засталіся шнары на руках. Прама ў аўтобусе хлопцу нажом абрэзалі доўгія валасы. У ГУБАЗіКу з яго выбілі паказанні пагрозамі вывезці ў лес і пачаць крымінальную справу на затрыманага з ім сябра.

У снежні 2020 года Самарыну прысудзілі чатыры гады «хіміі» – нібыта за тое, што ён «распыліў у твар праваахоўнікам газавы балончык». У сакавіку 2021 года прысуд замянілі на два з паловай гады калоніі. Самарын у суд не пайшоў, а пакінуў краіну. Пазней ён нелегальна вярнуўся ў Беларусь.

Пра затрыманне гродзенца стала вядома 27 сакавіка. Паводле афіцыйнай версіі, яго спынілі міліцыянеры і хацелі завесці ў пастарунак, бо ў яго не было дакументаў. Самарын нібыта супраціўляўся і, як сцвярджаецца, зламаў аднаму з міліцыянераў руку.

Суд над ім пачаўся 2 ліпеня. На працэс палітвязня вазілі са штрафнога ізалятара.

вс