МУС Германіі на старонцы сайта з апісаннем гуманітарных праграм паведаміла, што «цяпер працэдуры гуманітарнага прыёму прыпыненыя». Сярод тых, хто мог атрымліваць нямецкія гуманітарныя візы, былі і ўладальнікі пашпартоў Беларусі і Расіі, якія «падвяргаюцца асаблівай рызыцы ў сувязі з вайной, прасоўваннем ідэй дэмакратыі і правоў чалавека або крытыкай рэжыму». Прыпыненыя таксама асобныя гуманітарныя праграмы для грамадзян Афганістана, Сірыі.
Узмацненне жорсткасці міграцыйнай палітыкі стала часткай пагаднення новай кіроўнай кааліцыі, нагадвае «Свабода». У выніку ў траўні ўрад ФРГ зацвердзіў законапраект аб адмене магчымасці паскоранага атрымання грамадзянства замежнікамі і магчымасці ўз'яднання асобных груп бежанцаў з чальцамі сям’і.
Праваабаронцы адзначаюць, што прыпыненне не датычыцца людзей, якія ўжо знаходзяцца ў Германіі па гуманітарнай візе. Падаўжэнне часовага пасведчання на права жыхарства па гэтай падставе працягнецца ў звычайным парадку.
Па дадзеных выдання The Bell, затрымкі з ухваленнем рашэнняў назіраюцца ўжо некалькі тыдняў.
Вядома, што з пачатку 2022 года гуманітарныя візы атрымалі каля 3000 расейцаў.
Як паведамляе @dw_belarus, па гэтай праграме Германія прыняла з 2020 па 2024 гады 267 грамадзян Беларусі, найбольш такіх віз беларусы атрымалі ў 2022 годзе – 125.
аз