Міністэрства абароны Беларусі праводзіць тактычныя вучэнні з 8-й радыётэхнічнай брыгадай. У новых вучэннях задзейнічалі тры дзясяткі раёнаў краіны.
Як паведамілі ў прэс-службе міністэрства, адпрацоўваюцца задачы па выяўленні мэтаў умоўнага суперніка ў паветранай прасторы.
Вайскоўцы таксама трэнуюць зладжанасць дзеянняў у своечасовай перадачы звестак падраздзелам зенітных ракетных войскаў і авіяцыі. Адмысловая ўвага нададзена змаганню з беспілотнікамі і ДРГ.
Паводле начальніка радыётэхнічных войскаў палкоўніка Аляксандра Вараб’ёва, пры правядзенні вучэнняў улічваецца досвед канфлікту Ізраіля і Ірана.
«У рэжыме рэальнага часу засвойваюцца новыя тактычныя прыёмы, накіраваныя на павышэнне баявых магчымасцяў, у тым ліку манеўранасці і жывучасці падраздзелаў РТВ ва ўмовах магчымага ўздзеяння высокадакладнай зброі і беспілотнай авіяцыі.
Навучальныя пытанні спланаваныя такім чынам, каб баявыя разлікі з перавышэннем нарматыўнага часу разгортвання і згортвання здзейснілі марш у прызначаныя раёны і ў найкарацейшыя тэрміны былі гатовыя да баявога ўжывання».
У чэрвені Ізраіль цягам 12 дзён наносіў авіяўдары па ядзерных і вайсковых аб’ектах Ірана, пры гэтым у першы дзень аперацыі ізраільскія спецслужбы на тэрыторыі Ірана атакавалі сістэмы СПА, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, чым палегчылі задачы сваёй авіяцыі.
Нават з'яўляліся паведамленні пра тое, што нібыта знішчаная ядзерная праграма Ірана. Тэгеран адказваў Ізраілю ракетнымі ўдарамі, а таксама запускам беспілотнікаў.
Паводле Радыё Свабода