Беларуская Служба

Студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта знайшлі ў абласным цэнтры зоны з высокім забруджаннем свінцом 

25.07.2025 15:34
Свінец можа аказваць атрутны ўплыў на мноства сістэм арганізма і асабліва небяспечны для маленькіх дзяцей і жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту.
 ,     ,
Навукоўцы адзначаюць, што свінец — таксічны элемент, здольны збірацца ў глебе дзесяцігоддзямі.

Студэнты ВДУ імя Машэрава даследавалі стан гарадскіх глеб на прадмет забруджання свінцом. Паводле дадзеных даследавання, максімальнае забруджанне выяўлена:

– у раёне чыгуначнага вузла і ўздоўж транспартных магістраляў,

– на старых прамысловых тэрыторыях,

– у зніжаных пляцоўках рэльефу (даліны Дзвіны і Віцьбы),

– а таксама нечакана — у прыватнай забудове заходняй часткі горада і раёне Себяхаў.

Навукоўцы адзначаюць, што свінец — таксічны элемент, здольны збірацца ў глебе дзесяцігоддзямі. Некаторыя зоны патрабуюць дадатковага вывучэння і, магчыма, мер па рэкультывацыі. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2021 г. наступства ўплыву свінцу прывялі да смерці больш за 1,5 мільёна чалавек ва ўсім свеце. Таксама выяўлена, што ўсталяванай нормы паступлення свінцу ў арганізм без шкодных наступстваў для здароўя не існуе.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск