«Чатыры чацвяргі з нямымі фільмамі пад адкрытым небам у суправаджэнні жывой музыкі, напісанай кампазітарамі з Польшчы і Беларусі. Мне асабіста вельмі падабаецца, што пакажам і «Прастытутку», паводле адной з версій першы беларускі фільм. У еўрапейскіх краінах бачная вялікая павага і інтарэс да нямых стужак — мы паглядзелі на гэта і вырашылі зрабіць яшчэ адно свята кіно ды музычнай інтэрпрэтацыі ў польскай афішы», — напісала Ірэна Кацяловіч.
Ірэна Кацяловіч мае на ўвазе фільм Алега Фрэйліха «Прастытутка», зняты на кінастудыі «Белдзяржкіно» ў 1926 годзе.
Жывую музыку падчас паказу нямых стужак будуць выконваць польскія творцы Дар’юш Пшыбыльскі, Аляксандра Хмялеўска, Філіп Спорняк і беларускія — Вольга Падгайская і Five-Storey Ensemble.
Фінансавым спонсарам фестывалю выступіў Мацей Радзівіл.
Фестываль будзе праходзіць у двары Музею Вольнай Беларусі ў Варшаве па адрасе вул. Фоксал, 11.
Свабода/ав