Беларуская Служба

Лукашэнка будуе сакрэтны завод па вытворчасці дронаў у Мінску

29.07.2025 16:40
Як высветліў «Белпол», прадпрыемства па серыйнай вытворчасці ўдарных беспілотнікаў патаемна будуецца ў Фрунзенскім раёне Мінска.
       -  , 21  2022 .
Аляксандру Лукашэнку паказаваюць дрон «Міратворац» на палігоне Абуз-Лясноўскі пад Баранавічамі, 21 кастрычніка 2022 года. Фота: «Пул першага»

29 красавіка 2025 года Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам абвясціў, што Расія гатова пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці беспілотнікаў. Але, як сведчыць новае расследаванне «Белпола», такі завод ужо дзейнічае з 2023 года ў Фрунзенскім раёне сталіцы, паведамляе «Наша Ніва».

Афіцыйна ён мае статус прыватнага, але, як вынікае з расследавання, ім кіруюць набліжаныя да Лукашэнкі фірмы і службоўцы.

Як расказваюць расследавальнікі, у Беларусі дзейнічае канструктарскае бюро «Беспілотныя верталёты», якое спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці цяжкіх беспілотнікаў верталётнага тыпу. З 9 жніўня 2024 года гэтая кампанія трапіла пад санкцыі ЗША, а пазней і іншых краін. Таму ўлады вырашылі стварыць «дачку» асноўнага прадпрыемства, што дазволіла абысці частку абмежаванняў і працягнуць дзейнасць пад іншай шыльдай.

Так, у маі 2023 года было зарэгістравана ЗАТ «Беспілотныя лятальныя апараты» са статутным фондам усяго ў 3700 беларускіх рублёў.

У жніўні 2023 года гэтае прадпрыемства набыло вытворчыя памяшканні на вуліцы Янкі Маўра, 47 плошчай 16 гектараў у Мінскага завода будаўнічых матэрыялаў, які знаходзіўся ў працэсе ліквідацыі. Цана здзелкі – усяго 4,5 млн рублёў.

За новым прадпрыемствам стаіць структура «Вектар капітал груп» – фармальна прыватная кампанія, якую ўзначальвае былы кіраўнік Упраўлення справамі Лукашэнкі Шэйман і два яго намесніка – Свірыдаў і Селіванаў.

У выпадку ЗАТ «Беспілотныя лятальныя апараты», як адзначае «Белпол», кожная драбяза абмяркоўвалася на нарадах у «Вектар капітал груп».

Паводле вытворчага плана па стану на кастрычнік 2023 года, завод на той час ужо займаўся серыйнай вытворчасцю двух тыпаў ударных БПЛА:

– «Аскалон» – рэактыўны крылаты беспілотнік з дальнасцю да 310 км (аналаг іранскага Shahed);
– «Міратворац» – з дальнасцю да 180 км.

Да канца 2025 года прадпрыемства павінна выйсці на вытворчасці да 960 адзінак штогод, або 2-3 дроны штодня. Кожны з іх здольны несці да 10 кг выбухоўкі. Прыбытак прадпрыемства ацэньваецца ў 76,2 млн долараў на год.
І гэта не прататыпы, а зброя, якая ўжо пастаўляецца ў Расію.

Пры гэтым ЗАТ «Беспілотныя лятальныя апараты» па стане на чэрвень 2025 года не трапіла ні ў адзін санкцыйны спіс, бо фармальна не звязана з ужо падсанкцыйным прадпрыемствам «Беспілотныя верталёты».

аз