Беларуская Служба

ДДБ Літвы папярэдзіў грамадзян пра рост пагрозы затрымання на мяжы Беларусі

01.08.2025 12:01
Ужо раней былі выпадкі, калі ў грамадзян Літвы затрымлівалі пасля прагляду лічбавых прыладаў на наяўнасць інфармацыі пра наведванне «экстрэмісцкіх» сайтаў.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пасля таго, як улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт ютуб-канала «Delfi Літва», узрасла верагоднасць затрымання літоўскіх грамадзян на беларускай мяжы з наступным адміністрацыйным арыштам, папярэдзіў 1 жніўня Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) гэтай балтыйскай дзяржавы, паведамляе «Позірк».

Спецслужба канстатавала, што «рэжым у Беларусі актыўна выкарыстоўвае спісы экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, асоб і інтэрнэт-рэсурсаў у барацьбе з палітычнымі апанентамі як унутры краіны, так і па-за яе межамі».

ДДБ адзначыў, што «прагляд і наведванне» рэсурсаў, унесеных у «экстрэмісцкі спіс», у Беларусі «лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем, за якое прадугледжана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам да 15 сутак».

Нагадваецца, што «раней ужо былі выпадкі, калі ў грамадзян Літвы, якія прыбылі ў Беларусь, супрацоўнікі рэпрэсіўных органаў правяралі лічбавыя прылады на наяўнасць інфармацыі пра наведванне сайтаў, прызнаных экстрэмісцкімі», пасля «людзей арыштоўвалі».

У сувязі з гэтым ДДБ заклікаў суайчыннікаў устрымлівацца ад любых паездак у Беларусь, бо такія візіты ўяўляюць пагрозу для іх бяспекі.

Ведамства падкрэсліла, што ютуб-канал «Delfi Літва» папулярны «сярод рускамоўных жыхароў Літвы», на яго падпісана больш за 100 тыс. чалавек.

Пра тое, што кантэнт ютуб-канала «Delfi Літва», які належыць аднайменнаму літоўскаму парталу навін – найбуйнейшаму анлайн-медыя ў гэтай балтыйскай краіне, у Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», стала вядома з абноўленага спісу на сайце Міністэрства інфармацыі 21 ліпеня. Адпаведнае рашэнне 18 ліпеня прыняў суд Ленінскага раёну Магілёва.

аз

Затрыманні на межах Беларусі працягваюцца

24.07.2025 11:45
Усіх затрыманых да суда змяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, пасля чаго прызначаюць або штраф і вызваляюць, або даюць «суткі».