За выходныя дні (з пятніцы па нядзелю) Памежная служба Польшчы зафіксавала звыш 380 спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі. Падчас гэтых інцыдэнтаў у польскіх патрулёў кідалі камяні і галіны. Трое чалавек былі затрыманыя за садзейнічанне незаконнаму перасячэнню мяжы.
На мяжы з Беларуссю, якая праходзіць уздоўж ракі Буг, з 20 ліпеня працуе электронны бар'ер. Яго мэта — выяўляць спробы незаконнага перасячэння мяжы. Паводле слоў прэс-сакратара галоўнакамандуючага памежнай аховы, падпалкоўніка Анджэя Юзвяка (Andrzej Jóźwiak), сістэма ўсё яшчэ «вучыцца», але дзякуючы ёй некалькі дзён таму быў затрыманы чалавек, які спрабаваў пераплыць раку Буг.
— На адрэзку каля 172 кіламетраў размешчана прыкладна дзве тысячы слупоў з відэакамерамі. Гэта камеры, якія працуюць і днём, і ноччу. Дзякуючы ім карціна таго, што адбываецца на гэтым адрэзку мяжы, трапляе ў Цэнтр назірання, які знаходзіцца ў Аддзеле памежнай аховы ў Хэлме. Там круглыя суткі дзяжураць аператары сістэмы. Калі паступае трывожны сігнал з камеры, яны адпраўляюць інфармацыю ў адзін з сямі пунктаў.
Будаўніцтва электроннага бар'ера фінансаваў фонд Еўрапейскага саюза ў рамках праграмы фінансавай падтрымкі кіравання межамі і візавай палітыкі.
IAR/нг