Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, 3 жніўня ў пункце пропуску «Брэст» чакалі 2070 легкавых аўтамабіляў і 55 аўтобусаў. Падарожнікі скардзяцца, што стала складаней перасесці ў аўтобусы, што стаяць бліжэй да шлагбаўма. Раней такая практыка была распаўсюджаная, цяпер — фактычна забароненая. Сітуацыю апісвае «Люстэрка».
Паводле расповедаў пасажыраў, многія перавозчыкі, у тым ліку Ecolines і «Мінсктранс», больш не дазваляюць падсадку нават за грошы. Некаторыя кіроўцы ўсё ж рызыкуюць і падсаджваюць пасажыраў за дадатковую плату — ад 40 да 50 еўра.
Адзін з беларусаў распавёў, што на перасячэнне мяжы аўтобусам у яго сышло 9,5 гадзіны. Іншыя праводзяць у чэргах ад 8 да 16 гадзін. Ёсць і тыя, хто раіць шукаць месца ў легкавых аўто, але "з вялікімі торбамі шанцаў мала". Пры гэтым час чакання на мяжы для легкавушак можа дасягаць 85 гадзін.
На шляху назад, з Польшчы ў Беларусь, практыка падсадкі за грошы ўсё яшчэ працуе — сума залежыць ад вадзіцеля. Аднак шмат часу зноў траціцца на «гутаркі» беларускіх сілавікоў, асабліва з пасажырамі-украінцамі. Аўтобусы стаяць, пакуль не завершацца гэтыя размовы.
Перашкодай становяцца і асобныя інцыдэнты: хтосьці спрабуе прайсці кантроль нелегальна або з’ехаць без папярэджання — і ўвесь аўтобус затрымліваюць на некалькі гадзін.
нг