Беларуская Служба

Сяргей Ціханоўскі пераязджае жыць у ЗША? Не, хлусня

04.08.2025 15:26
Ціханоўскі сапраўды збіраецца ў ЗША і Канаду, але не на эміграцыю.
Сяргей ЦіханоўскіКрыніца: YouTube „Краіна для жыцця"

Фэйк запусціў блогер-канспіролаг Віталь «Вірус» Кандраценка. А расійская «Сота», якую фінансуе алігарх Леанід Неўзлін, паспрабавала разнесці інфармацыю па інтэрнэце — піша «Наша Ніва».

«Інсайд» пра нібыта запланаваны ад'езд Сяргея Ціханоўскага блогер-канспіролаг Віталь «Вірус» Кандраценка паведаміў сваім падпісчыкам у каналах, адноўленых пасля паўзы. Ён заявіў, што Ціханоўскі расказаў пра планы эміграваць падчас сустрэчы ў беларускім шэлтэры «Замак», які знаходзіцца ў Вільні.

Сяргей Ціханоўскі нядаўна казаў, што сапраўды збіраецца ехаць у ЗША — праўда, гаворкі пра эміграцыю не было. Планы ў Ціханоўскага іншыя. Ён хоча сустрэцца з беларускай дыяспарай, а таксама правесці перамовы з адміністрацыяй Трампа наконт вызвалення палітвязняў і данесці да іх свае прапановы — маўляў, амерыканцы таксама працуюць над гэтым. Таксама ў планах серыя інтэрв’ю.

Прэс-сакратар Ціханоўскага Сяргей Бяспалаў пацвярджае, што словы Віруса — фэйк. Акрамя ЗША, Ціханоўскі таксама наведае Канаду. У абедзвюх краінах запланаваныя інтэрв’ю, сустрэчы з дыяспарай і прадстаўнікамі бізнесу. Ніякай гаворкі пра пераезд няма.

нг