Ад пачатку новага навучальнага года беларускія школы забароняць вучням карыстацца тэлефонамі падчас заняткаў: тэлефоны трэба будзе здаваць у спецыяльныя сховішчы, а забраць можна будзе толькі пасля ўроку - нагадвае Белсат. Полацкія чыноўніцы паказалі, як тыя сховішчы выглядаюць.
Ад 1 верасня беларускіх школьнікаў прымусяць здаваць мабільныя тэлефоны на час урокаў. Як менавіта гэта будзе адбывацца, чыноўнікі не ведаюць. Але чыноўніцы Упраўлення адукацыі Полацкага райвыканкаму паказалі ў Instagram, як выглядаюць розныя варыянты сховішчаў для тэлефонаў.
Адзін з варыянтаў сховішча – металічная шафа з ключамі да кожнай палічкі і «майстар-ключом» ад цэлага аддзялення. Другі варыянт – драўляныя шафы, як у раздзявальнях. Трэці варыянт – вялікая шафа з пранумараванымі фанернымі падстаўкамі пад тэлефоны… Адзінага ўзору і прынцыпу, як бачна з фота, няма. Дзесьці кожны тэлефон захоўваецца індывідуальна, дзесьці разам тэлефоны ўсяго класу, дзесьці – разам цэлай школы.
Хто нясе адказнасць за тэлефоны падчас захавання і разбору захаваных тэлефонаў, незразумела. Выглядае, што адказнасць ускладуць на настаўнікаў. Паводле плану Мінгарвыканкаму, тэлефоны ў вучняў будуць забіраць на ўвесь дзень, а вяртаць іх будзе настаўнік. Ці так жа зробяць па-за Мінскам, невядома.
У Міністэрстве адукацыі заяўлялі, што ў нарматыўных актах «мабільнага дэтоксу» няма, гэта толькі асабістае ўказанне міністра Андрэя Іванца. Улады сцвярджаюць, што бацькі гэта падтрымліваюць. Каментароў бацькоў, якія былі б супраць ініцыятывы, дзяржаўныя медыі не прыводзяць. А бацькі ў чатах часам выказваюцца супраць – і адзначаюць, што дзеці могуць здаваць запасны тэлефон і захоўваць пры сабе асноўны.
нг