Беларускі Следчы камітэт устанавіў асобы 207 удзельнікаў беларускіх акцый, якія праходзілі за мяжой на Дзень Волі (25 сакавіка 2025 года). Прапагандыст Ігар Тур у эфіры АНТ зачытаў імёны, прозвішчы, імёны па бацьку некаторых з іх, а таксама агучыў адрасы прыналежных ім аб'ектаў нерухомасці ў Беларусі, паведамляе «Люстэрка».
Раней афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабакевіч заявіў, што ўдзельнікі замежных акцый прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе па ч.2 арт.361-4 (Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці).
— Удала супала, што ў мяне ў руках — табліца з фатаграфіямі, асабістымі дадзенымі і пералікам маёмасці гэтых самых 207 грамадзян, што засталася ў Беларусі, — паведаміў Ігар Тур у эфіры АНТ і агучыў імёны, прозвішчы, імя па бацьку і адрасы некаторых з іх.
Асаблівы акцэнт прапагандыст зрабіў на адной з фігурантак пераліку, у якой "два дамы з участкамі ў Бярэзінскім раёне, яшчэ адзін дом — у Бабруйску і там жа яшчэ кватэра".
— Валянціна Віктараўна, добры вечар. Яно таго каштавала? - звярнуўся прапагандыст да беларускі, якой належаць пералічаныя ім аб'екты нерухомасці, дадаўшы, што 5 жніўня «па краіне пачаліся ператрусы па адрасах гэтых 207 грамадзян».
На словы Ігара Тура адрэагаваў прапагандыст СТВ Рыгор Азаронак. Ён прапанаваў канфіскоўваць маёмасць фігурантаў крымінальнай справы і "пусціць яе на ваенна-патрыятычнае клубы, сацыяльныя дамы".
«Шматдзетныя АМАПаўцы будуць вельмі радыя», - дадаў Азаронак.
Да дзяльбы маёмасці беларусаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў статусе падазраваных, падключыўся і лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч:
«Падтрымліваю! Партыі ЛДПБ патрэбны новыя офісы! Магу адкрыць штаб кватэру і грамадскую прыёмную ў любым з гэтых», - напісаў палітык у сваім тэлеграм-канале.
яс