Беларуская Служба

Вучэнні «Захад-2025» пройдуць 12-16 верасня – Мінабароны Беларусі

12.08.2025 10:59
Вучэнні прысвечаны «прымяненню груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы».
 .
Ілюстрацыйнае фота.Foto: @modmilby

Сумесныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2025» пройдуць 12-16 верасня, паведаміў на брыфінгу 12 жніўня начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва (МВС) – памочнік міністра абароны па пытаннях МВС Валерый Равенка.

Паводле яго слоў, вучэнні прысвечаны «прымяненню груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы».

Равенка паведаміў, што агульная мэта манеўраў заключаецца ў тым, каб праверыць магчымасці Беларусі і РФ «па забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, гатоўнасці да адбіцця магчымай агрэсіі».

Падчас вучэнняў плануецца адпрацоўка наступных пытанняў:

  • адбіванне ўдараў сродкаў паветранага нападу суперніка;
  • вядзенне абарончага бою, разгром які ўклініўся ў абарону суперніка і стварэнне ўмоў для аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы;
  • авіяцыйная падтрымка дзеянняў войскаў;
  • барацьба з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі і дыверсійна-разведвальнымі групамі суперніка.

З набліжэннем вучэнняў «Захад-2025» дзеянні заходніх дзяржаў,  у першую чаргу, сумежных краін – членаў НАТА , пачалі набываць «усё больш агрэсіўны характар», заявіў Валерый Равенка.

«У жніўні-верасні прадэкларавана павелічэнне колькасці вучэнняў аб'яднаных узброеных сіл альянсу, а таксама нацыянальных узброеных сіл – з шасці да дзесяці. Адно з такіх мерапрыемстваў – «Жалезны абаронца», які пройдзе ў верасні на тэрыторыі Польшчы». Равенка заявіў, што  «з гэтага можна зрабіць выснову, што беларуска-расійскія сумесныя вучэнні выкарыстоўваецца ў якасці нагоды для бесперапыннай мілітарызацыі і росту колькасці і маштабаў мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі».

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч 7 жніўня па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях дзейнасці Камітэта дзяржбяспекі заявіў, што ў Беларусі зроблены ўсе захады, каб «не нерваваць» суседнія краіны запланаванымі на верасень сумеснымі з Расіяй вучэннямі «Захад-2025». 

вх