Пра гэта гаворыцца ў віншаванні, якое Аляксандр Лукашэнка скіраваў прэзідэнту Пакістана Асіфу Алі Зардары, прэм’ер-міністру Шахбазу Шарыфу з нагоды Дня незалежнасці, піша «Люстэрка».
Лукашэнка падкрэсліў, што адкрыты «да шырокамаштабнага міждзяржаўнага супрацоўніцтва» з Пакістанам «як у двухбаковым, так і ў шматбаковым фармаце».
- Упэўнены, што ўжо ў найбліжэйшай перспектыве мы зможам максімальна эфектыўна выкарыстоўваць наяўны вялікі патэнцыял беларуска-пакістанскага ўзаемадзеяння, – адзначаецца ў тэлеграме.
У віншаванні Шахбазу Шарыфу Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра праведзеныя нядаўна сустрэчы ў Ісламабадзе і Мінску.
- Спадзяюся на паспяховае ажыццяўленне ўсіх дамоўленасцяў пра рэалізацыю праектаў у сферах машынабудавання, лёгкай прамысловасці і іншых галінах, а таксама пра пастаўкі самазвалаў БЕЛАЗ у Пакістан і скіраванні пакістанскіх кваліфікаваных спецыялістаў для працы ў Беларусь, – адзначыў Лукашэнка.
Нагадаем, 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам. Палітыкі дамовіліся пра магчымы прыезд у Беларусь 100−150 тысяч працоўных мігрантаў з ісламскай рэспублікі.
Яшчэ ў пачатку студзеня Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў прыцягваць працоўных мігрантаў з Таджыкістана, Сірыі, Узбекістана. Палітык адзначыў, што не пярэчыць супраць замежнікаў на беларускіх прадпрыемствах, галоўнае, каб гэта былі кваліфікаваныя спецыялісты.
– Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў, любых людзей – запрашай. Але ты мусіш ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбныя на гэтым месцы і могуць гэтую аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць – навучы, – запатрабаваў Лукашэнка.
Ідэя выклікала занепакоеную рэакцыю ў беларускіх сацсетках. 23 красавіка МУС паведаміла, што патокі працоўнай міграцыі ў Беларусь з Пакістана «адсутнічаюць, роўна як і злачынствы, учыненыя выхадцамі з гэтай дзяржавы».
Люстэрка/ав