Беларуская Служба

З малатка прадаецца калекцыя карцін Віктара Бабарыкі на 344 тыс. рублёў

02.09.2025 10:51
Раней праз аўкцыёны прадалі іншую маёмасць Віктара Бабарыка, у тым ліку аўтамабіль і гадзіннік.
Частка мастацкіх твораў з калекцыі выстаўлялася ўладамі ў МенскуФота: onliner.by

З малатка прадаюцца 19 твораў мастацтва з калекцыі Віктара Бабарыкі за 344 тыс. рублёў. Аб'явы апублікаваныя на старонцы «БелЮрЗабеспячэння», паведамляе «Люстэрка».

Самыя танныя лоты – гэта пяць гравюр з выдання Old and New London з канца 19 стагоддзя: стартавы кошт кожнага твору – 165 рублёў.

Самы дарагі лот – карціна «Арлекін» польска-французскага мастака Эўгеніюша Зака. Стартавы кошт – 99 тыс. 312 рублёў.

Другі твор гэтага ж аўтара «Букет кветак» прадаюць з малатка па цане ад 66 тыс. 208 рублёў.

Агульны пачатковы кошт усіх твораў мастацтва – каля 344 тыс. рублёў. 8 кастрычніка цана продажу будзе вышэйшай.

Хутчэй за ўсё, гэтыя карціны – з прыватнай калекцыі Бабарыка.

Экс-старшыня «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка 12 мая 2020 года заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. На момант рэгістрацыі кандыдатаў Бабарыка быў ужо затрыманы.

6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд вынес прыгавор: Віктар Бабарыка атрымаў 14 гадоў узмоцненага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ва ўчыненні фінансавых аперацый са сродкамі, атрыманымі заведама злачынным шляхам. Віктар Бабарыка на судзе сваёй віны не прызнаў. Праваабарончая супольнасць унесла яго ў лік палітвязняў.

Раней праз аўкцыёны прадалі іншую маёмасць Віктара Бабарыка, у тым ліку аўтамабіль і гадзіннік.

Зямельны ўчастак экс-банкіра – самы дарагі актыў, адабраны ў палітвязня і выстаўлены на продаж. Калі браць апанентаў Лукашэнку ў цэлым, то даражэй прадалі толькі кватэру Валерыя Цапкалы – амаль за 400 тыс. рублёў.

вс