«Да апошняга моманту не звярталася па дапамогу – думала, вытрымаю. Але з часам станавілася толькі цяжэй», – напісала Марыя Новік на сайце BySol.
Яна працавала ў Tut.by намесніцай бухгалтара, а ў Польшчу эмігравала вымушана ў снежні 2024 году, хоць да апошняга хацела застацца ў Беларусі.
«Мне пачалі паступаць незразумелыя званкі са схаваных нумароў, кожную раніцу хтосьці доўга і гучна стукаў у дзверы з патрабаваннем адчыніць. А паколькі ў той час мой сын ужо быў на вайне ва Украіне, пераслед мог быць звязаны не толькі з маёй справай, але і з гэтым фактам», – расказала Марыя.
Яна кажа, што сын пайшоў добраахвотнікам восенню 2024-га. Яна спрабавала адгаварыць яго, але ён усё ж пайшоў ва ўкраінскае войска. Служыў у Трэцяй асобнай штурмавой брыгадзе снайперам.
Па прыездзе ў Польшчу яна спрабавала легалізавацца і адаптавацца да жыцця ў чужой краіне.
«І я б усё гэта вытрымала, бо я моцны чалавек. Мяне не зламала турма, не зламала эміграцыя – мяне зламала вайна, якая забрала майго сына. Яго не стала паўгода таму, ён загінуў пры выкананні баявога задання. У гэтых рэаліях я стараюся жыць. Ратуе толькі дапамога іншых па меры сіл, – паведаміла Марыя. - На жаль, фінансавая сітуацыя цяпер цяжкая: шмат грошай пайшло на паездку ва Украіну на пахаванне сына. Ашчаджэнні, якія ў мяне былі, падыходзяць да канца. Але на працу я пакуль уладкавацца не магу, бо працэс легалізацыі яшчэ ідзе. На фоне стрэсу пагоршылася здароўе, пачаліся праблемы са спінай, у галіне эндакрыналогіі і гінекалогіі. Таму прашу дапамогі, каб перажыць гэты цяжкі момант майго жыцця», – звяртаецца колішняя палітзняволеная.
Ініцыятыва BySol абвясціла збор сродкаў для Марыі Новік. У другой палавіне дня стала вядома, што неабходную суму ўжо ўдалося сабраць.
Свабода/ав