Беларуская Служба

Ва Украіне апублікавалі прозвішчы яшчэ амаль 600 грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расіі

03.09.2025 14:13
Яны падпісалі кантракт з расійскім войскам у 2025 годзе.
Ілюстрацыйны здымакфота: Zerkalo.io/Tut.by

Украінскі праект «Хачу жыць», які вядзе Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, апублікаваў прозвішчы яшчэ 596 грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расіі, паведамляе «Свабода».

Згодна з інфармацыяй праекта, усе яны падпісалі кантракт з расійскім войскам у першыя шэсць месяцаў 2025 года.

«Расія вярбуе людзей у свае «мясныя падраздзяленні« па ўсім свеце, у першую чаргу там, дзе беднасць і нізкі ўзровень жыцця. Практычна ўва ўсіх гэтых краінах можна назіраць спробы з рознай эфектыўнасцю процідзейнічаць вербаванню іхных грамадзян на вайну. Але толькі ў Беларусі ўлады не робяць нічога, каб Расія не выкарыстоўвала беларусаў як салдатаў-смяротнікаў», – адзначылі ў праекце.

Ва Украіне адзначылі, што, нягледзячы на крымінальную адказнасць за найміцтва, у Беларусі з 2014 года не завялі ніводнай крымінальнай справы супраць сваіх грамадзян, якія ваююць на баку Расіі.

«Беларусь, краіна з насельніцтвам меншым, чым у Маскве, заплюшчвае вочы на тое, што тысячы яе грамадзян і ўраджэнцаў ідуць на смерць за некалькі тысяч долараў. Мясцовы рэжым аддае іх у ахвяру Крамлю, аплочваючы лаяльнасць імперыі, на чыіх грашах і штыхах сёння трымаецца ўлада ў краіне. Імперыі, якая паслядоўна знішчае беларускую ідэнтычнасць, мову і культуру», – заяўлена ў публікацыі.

Ва Украіне заклікалі такіх беларусаў здавацца ва ўкраінскі палон, каб яны маглі вярнуцца жывымі ў свае сем’і.

«Украінскі і беларускі народы ніколі не былі ворагамі. Нам няма чаго дзяліць, не дазваляйце расійскім шавіністам выкарыстоўваць вас у сваіх мэтах», – падкрэслілі ў праекце.

аз

Расійская армія не адпускае наймітаў з Беларусі, нягледзячы на заканчэнне тэрміну кантрактаў

12.08.2025 13:50
«Многія замежныя грамадзяне, якія свядома заключылі кантракт з УС РФ, былі перакананыя, што падпісваюць тэрміновыя кантракты на адзін год. Але гэта не так».