Беларуская Служба

Палітвязень Андрэй Паднябёны памёр ад удушша – СМІ

09.09.2025 10:36
Загінулага Андрэя Паднябеннага пахавалі некалькі дзён таму.
        15.
Палітвязень Андрэй Паднябенны памёр у магілёўскай калоніі № 15.Фота з адкрытых крыніц

Прычынай смерці палітвязня Андрэя Паднябеннага ў магілёўскай калоніі №15 стала ўдушша, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на ўласную крыніцу. Такую прычыну смерці звычайна ўказваюць, калі чалавек павесіўся.

Іншыя абставіны смерці палітвязня пакуль невядомыя. Афіцыйныя крыніцы ў сілавых структурах пакуль ніяк не каментавалі тое, што адбылося.

«Наша ніва» піша, што ў калоніі Андрэю было цяжка, і справа не толькі ў ШІЗА, дзе ён часта бываў.

Хлопца часта пазбаўлялі пасылак, таму іншыя вязні яго падкормлівалі і дзяліліся з ім рэчамі. Таксама Андрэй расказваў знаёмым, што былы начальнік ПК-15 Аляксей Лазарэнка збіваў яго.

Адзін з вязняў, з якім пагаварылі журналісты згадаў Андрэя як аднаго з самых добрых і разумных вязняў, з кім меў справу ў той калоніі. Паводле яго, Андрэй быў вельмі ветлівым чалавекам, ад якога ён не чуў ні слова лаянкі.

«Ён верыў, заўжды казаў, што будзе ісці да канца. Я плакаў сёння, калі даведаўся – настолькі добры ён быў чалавек. Андрэй казаў, што пройдзе праз усё… Ён быў моцны чалавек», – успамінае загінулага вязня яго знаёмы.

Андрэя Паднябеннага, які мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства, затрымалі ў лістападзе 2021 года. Яго абвінавацілі ў падпале машыны начальніка Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў, праколе колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні Telegram-канала і Telegram-чата, якія прызнаны экстрэмісцкімі фармаваннямі. На закрытым судзе яму прысудзілі 15 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней палітвязня судзілі яшчэ раз – агульны прысуд 16 гадоў і 8 месяцаў.

У магілёўскай калоніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны. Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках яго маці. За кратамі мужчыну ўтрымлівалі амаль чатыры гады.

Гэта ўжо дзявятая смерць палітвязня за кратамі з 2020-га года.

вх