Беларуская Служба

BELPOL: Беларускі рэжым працягвае актыўна падтрымліваць вайну супраць Украіны

09.09.2025 16:00
Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт і Міністэрства прамысловасці не толькі не згортваюць абаронныя магутнасці, але і нарошчваюць тэмпы вытворчасці.
.
..

У 2025 годзе Беларусь па-ранейшаму выконвае дзяржаўныя абаронныя заказы Расійскай Федэрацыі, пастаўляючы прыцэлы і камплектуючыя для боепрыпасаў.

На падставе атрыманых дакументаў BELPOL падрыхтаваў уласныя разлікі аб'ёмаў вытворчасці некаторых тыпаў прыцэлаў.

Сёлета РФ атрымае «не менш за 1180 прыцэлаў «Сасна-У» і электронных блокаў да гэтых прыцэлаў». Згаданыя прыцэлы, паводле інфармацыі BELPOL, з’яўляюцца часткай сістэмы кіравання агнём «Каліна», якая выкарыстоўваецца пры мадэрнізацыі танкаў Т-72Б3, Т-80БВМ і Т-90М.

Акрамя таго, паводле звестак арганізацыі, працягваецца выпуск «прыцэлаў камандзіра панарамных» для расійскіх танкаў. Кожная партыя – больш за сотню адзінак.

Працягвае развіваць сваю вытворчасць ААТ «Пеленг», дзе 2 жніўня 2025 года быў адкрыты новы доследны цэх, заяўляе BelPol. «Для вытворчасці прыцэлаў «Пеленг» бесперапынна ажыццяўляе набор работнікаў, напрыклад, такіх, як паліроўшчыкі аптычных дэталяў», – гаворыцца ў матэрыяле.

Разам з пастаўкамі прыцэлаў у РФ, паводле інфармацыі арганізацыі, працягваецца пастаўка дэталяў да рэактыўных снарадаў калібру 122 мм.

«Легмаш вырабляе карпусы баявой паражальнай часткі рэактыўнага снарада, трубы корпуса і шэраг іншых дэталяў. Прадукцыя абодвух прадпрыемстваў пастаўляецца Тульскаму акцыянернаму таварыству НВА «СПЛАВ», – адзначылі ў BELPOL.

Арганізацыя заявіла, што «і ў 2025 годзе ДВПК і Мінпрам працягваюць пастаўляць дэталі і зборкі да боепрыпасаў у РФ».

Позірк/ав